28 лiстапада 2024, Чацвер, 5:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Банкаўская сістэма Беларусі паскорана надзімае «дэпазітную бурбалку»

79
Банкаўская сістэма Беларусі паскорана надзімае «дэпазітную бурбалку»

Усяго за тры месяцы сярэдняя стаўка па дэпазітах у беларускіх рублях для фізічных асоб павялічылася на 13,6% і дасягнула 42,6% гадавых.

Пра гэта гаворыцца ў аналітычным аглядзе «Маніторынг умоў прыцягнення банкаўскіх укладаў (дэпазітаў)» за кастрычнік - снежань 2012 г. Нацыянальнага банка Беларусі, апублікаваным сёння, 18 сакавіка.

На фоне калапсу банкаўскай сістэмы Кіпра і ўвядзення падатку на дэпазіты інфармацыя аб узроўні адсоткавых ставак па дэпазітах у Беларусі выглядае пужліва.

Як паказала абследаванне ў IV квартале 2012 г., палітыка банкаў была накіраваная на павышэнне прывабнасці размяшчэння сродкаў ва ўклады (дэпазіты). Банкі значна павялічылі адсоткавыя стаўкі па новых тэрміновых укладах (дэпазітах) для юрыдычных асоб і фізічных асоб у нацыянальнай валюце, што пацвярджаюць статыстычныя дадзеныя.

«Сярэдняя стаўка па новых тэрміновых укладах (дэпазітах) для фізічных асоб у снежні 2012 г. склалася на ўзроўні 42,4 адсотка гадавых, павялічыўшыся ў параўнанні з вераснем 2012 г. на 13,6 адсоткавага пункта. Па новых тэрміновых укладах (дэпазітах) для юрыдычных асоб сярэдняя стаўка павялічылася ў параўнанні з вераснем 2012 г. на 8,4 адсоткавага пункта да 31,6 адсотка гадавых (за снежань 2012 г)», адзначаюць спецыялісты Нацбанка ў аналітычным аглядзе.

З улікам таго, што беларускі рубель намаганнямі Нацбанка зафіксаваны да асноўных валют і застаецца стабільным, адсоткавыя стаўкі па дэпазітах б'юць усе сусветныя рэкорды па прывабнасці і цалкам могуць канкураваць з даходнасцю ўкладанняў, якія абяцаюць фінансавыя піраміды.

«Сярэднія стаўкі па новых тэрміновых укладах (дэпазітах) у замежнай валюце, наадварот, знізіліся. Так, па ўкладах (дэпазітах) для фізічных асоб стаўкі знізіліся з 5,5 адсоткаў гадавых у верасні 2012 года да 5 адсоткаў гадавых у снежні 2012 года; юрыдычных асоб - з 4,4 адсоткаў да 4,2 адсоткаў адпаведна», гаворыцца ў даследаванні.

Тэндэнцыя павелічэння ставак па ўкладах (дэпазiтах) у беларускіх рублях звязаная, перш за ўсё, са змяненнем сітуацыі з бягучай ліквіднасцю ў банкаўскім сектары. З канца верасня мінулага года павышаны попыт на замежную валюту з боку суб'ектаў эканомікі і насельніцтва прывёў да ўзнікнення ў банкаў дэфіцыту беларускіх рублёў. Нацыянальны банк заняў жорсткую пазіцыю.

Рэфінансаванне банкаў ажыццяўлялася ў мінімальных аб'ёмах, якія забяспечваюць правядзенне плацяжоў. У гэтай сітуацыі для аднаўлення ліквіднасці банкі паднялі адсоткавыя стаўкі па дэпазітах у беларускіх рублях.

Вынікам палітыкі па прыцягненню ўкладаў (дэпазітаў) стаў рост аб'ёмаў тэрміновых укладаў (дэпазітаў), галоўным чынам рублёвага складніку, пра што сведчыць аналіз статыстычных дадзеных.

Аб'ём укладаў (дэпазітаў) юрыдычных і фізічных асоб за кастрычнік-снежань 2012 года павялічыўся на 11,6 трлн. рублёў, або на 8,7 адсотка, і па стане на 1 студзеня 2013 г. склалася ў памеры 144,5трлн. рублёў, у тым ліку:

- у беларускіх рублях - на 7,5 трлн. рублёў, або на 15,4 адсотка, і склаў 56,3 трлн. рублёў;

- у замежнай валюце (рублёвы эквівалент) - на 4,1 трлн. рублёў, або на 4,9 адсотка, і дасягнуў 88,2  трлн. рублёў (у даляравым эквіваленце - на 0,3 млрд. даляраў ЗША).

Тэрміновыя ўклады (дэпазіты) юрыдычных і фізічных асоб за справаздачны перыяд узраслі на 7,3 трлн. рублёў, або на 7,4 адсотка, і на 1 студзеня 2013 года склалі 105,8 трлн. рублёў, у тым ліку:

- у беларускіх рублях - на 3,1 трлн. рублёў, або на 10,5 адсотка, і на 1 студзеня 2013 г. дасягнулі 33,1 трлн. рублёў;

- у замежнай валюце (рублёвы эквівалент) - на 4,1 трлн. рублёў, або на 6 адсоткаў, і на 1 студзеня 2013 г. склалі 72,6 трлн. рублёў (у даляравым эквіваленце - на 0,4 млрд. даляраў ЗША, або на 4,4 адсоткавых пунктаў, і на 1 студзеня 2013 г. дасягнулі 8,5 млрд. даляраў ЗША).

Неабходна адзначыць, што ў агульнай суме тэрміновых укладаў (дэпазітаў) па-ранейшаму «пераважалі ўклады (дэпазіты) для фізічных асоб». Так, па стане на 1 студзеня бягучага года іх доля ў агульным аб'ёме тэрміновых укладаў (дэпазітаў) склала 61,8 адсотка, што на 2 адсоткавыя пункты вышэй, чым па стане на 1 кастрычніка 2012 года.

Як паказала абследаванне і аналіз статыстычных дадзеных, прыросту абавязацельстваў банкаў па ўкладах (дэпазiтах) у кастрычніку - снежні 2012 г. спрыялі змякчэнне умоў для прыцягнення сродкаў сектараў эканомікі, а менавіта, падтрыманне на грашовым рынку прывабных адсоткавых ставак у нацыянальнай валюце.

У бягучым квартале, нягледзячы на тое, што з боку банкаў у адносінах умоў прыцягнення грашовых сродкаў у тэрміновыя ўклады (дэпазіты) прадугледжваюцца рознанакіраваныя дзеянні (для юрыдычных асоб - змякчэнне; для фізічных асоб - узмацненне жорсткасці), банкі прагназуюць павелічэнне аб'ёмаў укладаў (дэпазітаў) у нацыянальнай валюце як юрыдычных, так і фізічных асоб, лічаць аўтары аналітычнага агляду.

У бягучым годзе, згодна з Асноўным напрамкам грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2013 год, ключавая роля адводзіцца адсоткавай палітыцы, прыярытэтам якой з'яўляецца падтрыманне станоўчага ўзроўню (у рэальным выражэнні) адсоткавых ставак у эканоміцы як важнай умовы для забеспячэння коштавай стабільнасці і захаванасці зберажэнняў укладчыкаў.

Разам з гэтым банкам рэкамендавана праводзіць работу па павелічэнню рэсурснай базы з дапамогай прыцягнення сродкаў нацыянальных і замежных інвестараў, крэдытораў і ўкладчыкаў, у тым ліку стымуляваць прыцягненне грашовых сродкаў на доўгатэрміновай аснове, актывізаваць дзейнасць па арганізацыі аперацый куплі-продажу каштоўных металаў з разлікамі па рахунках у каштоўных металах.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках