28 лiстапада 2024, Чацвер, 7:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіпр абклаў падаткам дэпазіты. Насельніцтва ды інвестары ў шоку

60
Кіпр абклаў падаткам дэпазіты. Насельніцтва ды інвестары ў шоку

Пастанова Еўрагрупы абкласці разавым падаткам банкаўскія дэпазіты на Кіпры выклікала ў насельніцтва шок.

Падатак - 6,75% на ўклады да 100 тысяч еўра і 9,9% - на ўклады звыш гэтай сумы - быў адной з абавязковых умоў выдачы Кіпру экстранага пакета дапамогі ад ЕЗ і МВФ у суме 10 млрд еўра (13 млрд даляраў), паведамляе ВВС.

Улады абяцаюць, што ўзамен страчаных грошай укладчыкі атрымаюць акцыі банкаў, у якіх захоўваюцца іх сродкі.

Тысячы кіпрыётаў выстраіліся ў чэргі да банкаматаў, каб паспець зняць грошы да аўторка, калі пагадненне аб увядзенні падатку можа ўвайсці ў дзеянне.

Паведамляецца, што ў шматлікіх банкаматах грошы хутка скончыліся, іншыя банкі рэзка абмежавалі суму для зняцця.

Прэзідэнт Кіпра Нікас Анастасіадзіс заявіў у суботу, што ягоную краіну вымусілі правесці прымусовае спісанне дэпазітаў, інакш Кіпру пагражала б немінучае банкруцтва банкаў.

Са слоў Анастасіадзіса, выбар быў паміж «катастрафічным сцэнарам бязладнага банкруцтва або ж сцэнарам хваравітага, але кіраванага крызісу».

Анастасіадзіс, абраны прэзідэнтам у мінулым месяцы на хвалі абяцанняў стабілізаваць фінансавую сітуацыю ў краіне, у нядзелю выступіць са зваротам да народу.

На думку бізнэс-рэдактара ВВС Робэрта Пэстана, адным з ключавых фактараў пры прыняцці пастановы аб увядзенні падатку на дэпазіты стала наяўнасць у банкаўскай сістэме Кіпра значнай сумы расейскіх грашовых сродкаў.

Умовы крэдыту

Раней краіны Еўразоны і МВФ дасягнулі агульнай дамоўленасці аб выдзяленні Кіпру пакета экстранай дапамогі сумай 10 млрд еўра. Перамовы скончыліся ў Брусэлі.

«Еўрагрупа здолела дасягнуць палітычнага пагаднення з уладамі Кіпра і ўсімі ўдзельнікамі перамоваў. Дапамога неабходная для захавання фінансавай стабільнасці Кіпра і еўразоны ў цэлым», - заявіў кіраўнік мінфіна Нідэрландаў Ерун Дейсэлблум, які ўзначальвае Еўрагрупу.

У абмен на дапамогу Кіпр абавязуецца скарачаць дэфіцыт бюджэту, у прыватнасці, за кошт падвышэння падаткаў, а таксама правесці рэформу банкаўскага заканадаўства.

Еўрапейскія краіны не раз папракалі Кіпр у тым, што на выспе адбываецца адмыванне грошай, у асноўным, расейскіх.

Акрамя таго, на перамовах выказваліся засцярогі, што грошы, выдзеленыя Кіпру, могуць апынуцца ў руках багатых расейцаў, якія маюць рахункі на выспе.

У лістападзе мінулага года нямецкае выданне Der Spiegel пісала, што расейскія бізнэсоўцы захоўваюць на рахунках кіпрскіх банкаў 26 млрд даляраў.

Выратаваць расейскіх інвестараў?

У адказ улады Кіпра заявілі, што публікацыя ў Der Spiegel - гэта спроба «запляміць рэпутацыю краіны як міжнароднага інвестыцыйнага цэнтра», а прадстаўнік урада Стэфанас Стэфану сказаў, што краіна прыняла законы, якія супрацьстаяць легалізацыі «брудных» грошай, за што атрымала пахвалу ад МВФ .

Тым не менш экспэрты ўпэўненыя, што на Кіпры шмат расейскіх грошай, і гэта акалічнасць ускладняла перамовы. Як мяркуюць аналітыкі, фактычна гаворка ішла аб выдзяленні грошай еўрапейскіх падаткаплатнікаў на выратаванне ўкладаў расейскіх інвестараў.

Адна з умоў, пастаўленых Кіпру - абкладанне падаткам банкаўскіх дэпазітаў. Як адзначае карэспандэнт ВВС у Брусэлі Эндру Уокэр, гэта трэба для таго, каб пераканацца, што інвестары таксама ўдзельнічаюць у фінансавай падтрымцы Кіпра.

Прадстаўнікі еўрапейскага Цэнтрабанка прызналі, што ўлады Кіпра ўжо робяць захады для кантролю за зборам падатку.

Не выключана, што ў фінансавай падтрымцы Кіпра можа ўзяць удзел і Расея.

У прыватнасці, яна можа павялічыць ужо выдадзеную Кіпру пазыку ў 2,5 млрд еўра. Міністр фінансаў Кіпра Міхаліс Сарыс у панядзелак накіроўваецца ў Маскву.

«Рабаванне»

Хоць эканоміка Кіпра - адна з самых невялікіх аб'ёмам у Еўропе, наступствы прынятай пастановы могуць адчуць на сабе і жыхары больш буйных краін, якія знаходзяцца ў цяжкім фінансавым становішчы, напрыклад, Іспанія ці Італія, мяркуе бізнэс-карэспандэнт ВВС Робэрт Пэстан.

Кіпр стаў пятай краінай у Еўропе пасля Грэцыі, Ірландыі, Партугаліі ды Іспаніі, якая звярнулася па фінансавую дапамогу да Еўрагрупы.

Эканамічнае становішча на Кіпры рэзка пагоршыўся пасля фінансавага абвалу ў Грэцыі, дзе кіпрыёцкія банкі мелі значныя інвестыцыі.

Улады Кіпра замарозілі электронныя пераводы буйных сум з банкаўскіх рахункаў да аўторка, калі банкі адкрыюцца пасля трохдзённых выходных.

Адзін з брытанскіх эмігрантаў на Кіпры, Алан, у інтэрв'ю ВВС назваў пастанову аб увядзенні падатку на ўклады «рабаваннем» і запатрабаваў заклікаць Еўразвяз да адказу.

«Мы пераехалі сюды жыць на пенсію, паклалі ў банк Кіпра ўсе нашы ашчаджаныя грошы, а цяпер у нас забіраюць нашыя грошы без дазволу, а наўзамен прапануюць акцыі збанкрутаванага банка!», - абураецца Алан.

Марыя з Нікасіі сказала, што падатак на ўклады нанясе сур’ёзныя страты для яе сям'і і падарве давер інвестараў.

«Расейцы, якія падтрымліваюць эканоміку Кіпра на плыву, з'едуць адсюль разам са сваімі грашыма», - кажа Марыя.

Паводле інфармацыі агенцтва Рэйтэр, амаль палова ўкладаў кіпрскіх банкаў належыць расейцам, якiя не з'яўляюцца рэзiдэнтамi Кіпра.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках