28 лiстапада 2024, Чацвер, 4:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перамовы аб крэдыце пацярпелі крах?

131
Перамовы аб крэдыце пацярпелі крах?

Лукашэнка і Пуцін не дамовіліся з нагоды выдачы Менску расейскага крэдыту.

Учора прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прыняў у Канстанцінаўскім палацы Петэрбурга Аляксандра Лукашэнку ў рамках дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі. Стораны засяродзіліся на абмеркаванні ўмоў двухмільярднага расейскага крэдыту і не прыйшлі да дамоўленасцяў, што таксама з'яўляецца прынцыповым вынікам, піша «Коммерсант».

Раніца ў Канстанцінаўскім палацы пачалася з прэзідэнцкай сустрэчы сам-насам (гэта значыць, сын Коля не ўдзельнічаў).

Аляксандр Лукашэнка адчыніў дзверы ў кабінет Уладзіміра Пуціна так, як быццам гэта быў ягоны кабінет у Менску, і запрасіў расейскага прэзідэнта ўвайсці.

Затым Аляксандр Лукашэнка расказаў Уладзіміру Пуціну, што «ёсць дзясятак важных пытанняў, якія не могуць быць развязаныя без фармату дзяржсавета (перш за ўсё, вядома, пытанне аб бюджэце «саюзнай дзяржавы», які ўвасабляе сабой сэнс існавання гэтай дзяржавы).

Напраўду Аляксандр Лукашэнка меў на ўвазе зусім іншае. На перамовах, да якіх далучыліся прэм'еры Дзмітрый Мядзведзеў і Міхаіл Мясніковіч, абмяркоўвалі перш за ўсё крэдыт, пра які просіць беларускі правадыр. Гэты крэдыт крытычна важны для Беларусі. Гаворка ідзе пра $2 млрд. І калі Аляксандр Лукашэнка кажа пра тое, што ёсць праблема, якую можна развязаць толькі ў фармаце дзяржсавета, ён ківае на тое, што для краін, што існуюць у адной саюзнай дзяржаве, выдача крэдыту не можа быць праблемай.

Больш за тое, не можа быць праблемай не проста крэдыт, а танны і доўгі крэдыт.

Зрэшты, расійскія перамоўнікі так не мяркуюць. Умовы крэдытаў, якія Аляксандр Лукашэнка атрымліваў ад Расеі раней, не былі выкананыя Беларуссю. Цяпер выдача крэдыту абумоўлена патрэбай пачаць у Беларусі маштабную прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў, і няма ніякай упэўненасці, што Аляксандр Лукашэнка не супакоіцца з гэтай нагоды, як толькі атрымае шуканыя $ 2 млрд.

Між тым складваецца ўражанне, што беларускі правадыр ужо атрымаў гэтыя грошы. Інакш чым тлумачыцца, напрыклад, ягоны энтузіязм у справе будаўніцтва даследчай станцыі ў Антарктыдзе. Гэты дзівосны для Беларусі праект прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч (былы прэзідэнт Акадэміі навук) выношваў некалькі апошніх гадоў, ды ўсё ніяк не мог вынасіць. А ўчора Расея і Беларусь выйшлі на дамову з гэтай нагоды. Расея выканае для Беларусі кансультацыйныя паслугі, а фінансаваць будаўніцтва станцыі Беларусь будзе самастойна.

«Лукашэнка вельмі хоча гэтую станцыю пабудаваць», - падзяліўся спецпрадстаўнік прэзідэнта Расеі ў міжнародным супрацоўніцтве ў Арктыцы і Антарктыцы Артур Чылінгараў.

Навошта гэта трэба, больш-менш зразумела, хоць і выглядае на першы погляд, вядома, дзіўна. У пагадненні аб супрацоўніцтве ў Антарктыдзе ўдзельнічаюць больш за 20 краін (пачынаючы з Расеі і ЗША і сканчаючы Паўднёвай Афрыкай і Аргенцінай). У кожнай з гэтых краін ёсць у Антарктыдзе свая станцыя. Відавочна, Беларусь хоча прарваць міжнародную ізаляцыю, у якой цяпер фактычна знаходзіцца, праз Антарктыду.

Ведама ж, бо ўсе карацейшыя шляхі ўжо выпрабаваныя.

Пасля пасяджэння ў пашыраным складзе, якое доўжылася нядоўга (у параўнанні з чатырохстаронняй сустрэчай), Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка выйшлі зрабіць заяву для прэсы. Звяртала на сябе ўвагу, што ў Аляксандра Лукашэнкі новы прэс-сакратар - Сяргей Пелюшкевіч. Павел Лёгкі, які быў з Аляксандрам Лукашэнкам шмат гадоў, набраў палітычную вагу і пайшоў на няцяжкую працу дарадцам-пасланцом у беларускую амбасаду ў Маскве.

Заява для прэсы не дадала інфармацыі аб сэнсе ўчорашніх перамоў. Між тым стала вядома, што перамовы з нагоды крэдыту не прасунуліся ні на крок наперад.

Але і ні на крок назад таксама.

Напісаць каментар 131

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках