27 лiстапада 2024, Серада, 17:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аб'яднанне МАЗа і КамАЗа можа зацягнуцца

20
Аб'яднанне МАЗа і КамАЗа можа зацягнуцца

Менскаму аўтазаводу аб'яднанне ў холдынг з КамАЗам не абяцае асаблівых зыскаў.

Яны магчымыя толькі пры сур'ёзных інвестыцыях з расейскага боку, перадае Deutsche Welle.

Анансаванае аб'яднанне беларускага МАЗа і расейскага КамАЗа ў холдынг «Расбелаўта» можа застапарыцца, папярэджваюць назіральнікі. На іх думку, асноўная прычына гэтага - адсутнасць відавочных пераваг для Менска ад зліцця аўтагігантаў.

Зыск пад завесай таямніцы

19 лютага старшыня Дзяржкамітэта па маёмасці Беларусі Георгій Кузняцоў заявіў, што ўмовы аб'яднання аўтамабільных прадпрыемстваў МАЗ і КамАЗ у холдынг «Расбелаўта» ўжо ўзгодненыя. «Мы пагадзіліся з ацэнкай КамАЗа, расейцы - з ацэнкай МАЗа, мы ўносім у холдынг 75 адсоткаў акцый МАЗа, пакідаем за сабой блокпакет», - растлумачыў Кузняцоў. І дадаў, што холдынг будзе створаны на парытэтнай аснове, Беларусь у ім атрымае 50 адсоткаў акцый. Раней гендырэктар КамАЗа Сяргей Кагогін заяўляў, што аб'яднанне двух прадпрыемстваў значна паскорыць акупнасць агрэгатных праектаў КамАЗа.

Але што ад гэтага выйграе беларускі бок? Адказ на гэтае пытанне яшчэ мінулым летам хацеў атрымаць і Аляксандр Лукашэнка. «Аб'ядноўваюцца МАЗ і КамАЗ. Пачынаю задаваць пытанні: у імя чаго? Растлумачце мне, што дае гэтая прыватызацыя, дапусцім, для МАЗа? Ніхто растлумачыць не можа», - заявіў Лукашэнка, сустракаючыся з губернатарам Ленінградскай вобласці Расеі Аляксандрам Драздзенкам.

Афіцыйных тлумачэнняў пераваг зліцця аўтагігантаў у холдынг няма і цяпер. Карэспандэнт DW паспрабаваў высветліць іх непасрэдна на прадпрыемствах. Аднак з кіраўніцтвам КамАЗа звязацца не ўдалося, а кіраўніцтва МАЗа патлумачыла, што адказаць на «пытанні па гэтай тэме не ўяўляецца магчымым». «Згодна з заключаным пагадненнем аб канфiдэнцыяльнасцi, разгалашэнне інфармацыі, якая тычыцца стварэння сумеснага расейска-беларускага холдынгу «Расбелаўта», не дапускаецца і з'яўляецца парушэннем вышэйпаказанага пагаднення», - гаворыцца ў лісце гендырэктара МАЗа Віктара Асноўскага, атрыманым DW.

Залежнасць ад умоў

У той жа час, як адзначыў былы прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір, менавіта ад умоў аб'яднання двух прадпрыемстваў у холдынг і залежыць мэтазгоднасць яго стварэння. «Калі расейцы захочуць паглынуць МАЗ і тут наогул вытворчасць згарнуць, гэта будзе катастрофа», - заявіў Міхаіл Чыгір.

Экс-кіраўнік Цэнтра грамадскіх сувязяў МАЗ, дырэктар «Агенцтва дзелавых сувязей» Валянцін Лопан таксама звяртае ўвагу на тое, што небяспека паглынання Менскага аўтазавода існуе, асабліва з улікам таго, што ўмовы здзелкі ніхто не афішуе. Па словах Лопана, зыск КамАЗа ад стварэння холдынгу даволі відавочны. У першую чаргу яна выяўляецца ў росце рынкавага кошту акцый расейскага аўтагіганта.

Такі рост можа адбыцца ў сувязі з тым, што Камскі аўтазавод, калі інтэгруецца з Менскім, стане фактычна манапалістам на рынку цяжкіх грузавікоў на прасторах Мытнага саюза. Для прадпрыемства з Набярэжных Чоўнаў гэта можа быць вельмі дарэчы з улікам таго, што нямецкі канцэрн Daimler разглядае магчымасць набыцця дадатковага пакета акцый КамАЗа.

А вось у дачыненні да зыскаў працягвае Валянцін Лопан, не ўсё так відавочна. Заявы беларускіх чыноўнікаў пра тое, што пасля аб'яднання ў холдынг МАЗ атрымае доступ да дылерскай сеткі КамАЗа ў Расеі, на погляд спецыяліста, не вытрымліваюць крытыкі. Між іншым, вельмі малаверагодна, што прадаўцы КамАЗаў будуць з той жа стараннасцю рэалізоўваць менскую аўтатэхніку, як і ўласную прадукцыю.

Аб'яднанне не напраўду

Аднак асноўная праблема для Менска, тлумачыць Валянцін Лопан, заключаецца ў тым, што за аб'яднаннем аўтазаводаў «стаіць жаданне расейскага капіталу атрымаць магчымасць кіравання беларускімі прадпрыемствамі, не заплаціўшы за гэта грошай».

Але ў адказ на безграшовы варыянт супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка, па выразе эксперта, прапанаваў і аб'яднанне не напраўду. «Давайце аб'яднаемся, як быццам мы абмяняліся акцыямі, без продажу. Адпрацуем сістэму, пабачым вынік: павысіцца зарплата, на складзе не будзе аўтамабіляў, нікога не пусцім на наш рынак. І тады са спакойнай душой змагу прадаць акцыі МАЗа, а вось проста так, з бухты-барахты, не бачачы святла ў канцы тунэлю, ніколі на гэта не пайду», - заявіў 22 лютага беларускі кіраўнік.

Як паведаміў аглядальнік штотыднёвіка «Белорусы і рынок» Аляксандр Алесін, паводле яго інфармацыі, атрыманай ад крыніцы ў кіраўніцтве МАЗа, абмяркоўваючы перспектывы супрацоўніцтва з КамАЗам, беларускі бок прапануе заключыць своеасаблівае картэльнае пагадненне і гарантавана замацаваць за Менскім аўтазаводам яго цяперашнюю долю на расейскім рынку.

Хоць яна прыкладна разы ў два менш долі Камскага аўтазавода, Менск хацеў бы, каб ні расейскі ўрад, ні чыноўнікі на месцах не рабілі намаганняў па скарачэнні гэтай долі. «Хоць у нас і створаны Мытны саюз, рэкамендацыі з адміністрацыі прэзідэнта, урада, то ёсць тэлефоннае права, ніхто не адмяняў», - адзначыў Аляксандр Алесін.

Пераацэнка сітуацыі

Разам з тым, на яго погляд, цалкам верагодна, што ў працэсе стварэння холдынгу МАЗа і КамАЗа зараз паўстане чарговая паўза. Аляксандр Алесін адзначае, што канец мінулага і пачатак гэтага года няўдала складваецца для расейскай эканомікі ў цэлым і прамысловасці ў прыватнасці.

Як следства, КамАЗ не плануе росту вытворчасці, а МАЗ не прадугледжвае росту збыту аўтамабіляў у Расею. «На МАЗе наогул пагаворваюць аб увядзенні чатырохдзённага працоўнага тыдня», - кажа эксперт. У той жа час, паводле яго слоў, не факт, што ў складаных эканамічных умовах маленькаму МАЗу будзе выгаднае аб'яднанне з КамАЗам, па меншай меры на ранейшых умовах.

«У выпадку крызісу МАЗу, магчыма, будзе лягчэй выйсці са складанай сітуацыі, тады як, аб'яднаўшыся, прадпрыемствы могуць разам пайсці на дно», - мяркуе Алесін. На яго думку, цяпер Менску было б дарэчы спакойна ацаніць сітуацыю, якая складваецца на рынку, і толькі затым прымаць рашэнне.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках