27 лiстапада 2024, Серада, 13:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ гатовы падставіць «газавае плячо» Украіне

15
ЕЗ гатовы падставіць «газавае плячо» Украіне

Еўропа дэманструе ахвоту на практыцы дапамагчы дыверсіфікаваць пастаўкі паліва ва Украіну, усё больш інтэнсіўна інтэгруючы краіну ў адзіную энэргетычную прастору ЕЗ.

Практычна адразу пасля сканчэння саміту Украіна-ЕЗ, на штогадовым Украінскім энэргетычным форуме, намеснік кіраўніка «Нафтагаза» Вадзім Чупрун заявіў аб планах Кіева закупіць у 2013 годзе 7 млрд кубічных м «блакітнага паліва» ў ЕЗ ды імпартаваць яго праз тэрыторыю Вугоршчыны і Славакіі. З ягоных слоў, тэхнічная магчымасць падачы газу ўжо ўзгодненая з вугорскай стараной і знаходзіцца ў працэсе ўзгаднення са славацкай, піша УНІАН.

Крыху раней міністр энэргетыкі і вугальнай прамысловасці Эдуард Ставіцкі таксама казаў аб планах імпартаваць газ з ЕЗ праз Вугоршчыну і Славакію і заяўляў аб тэхнічных магчымасцях паставак з Еўропы ва Украіну на ўзроўні 30 млрд кубічных м. На фоне палітычных заяў імпарт «блакітнага паліва» з ЕЗ ва Украіну прадоўжыцца. Паводле звестак Дзяржаўнай мытнай службы, у студзені гэтага года ў Нямеччыне закуплена газу на суму 10,07 млн даляраў.

Адначасова ўкраінскі МЗС канстатаваў, што перамовы з ЕЗ што да мадэрнізацыі ГТС Украіны перайшлі ў практычную фазу. Украінская ўлада чакае бліжэйшым часам дасягнення дамоўленасцяў з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі аб умовах выдачы першай пазыкі на рэалізацыю рэканструкцыі лінейных збудаванняў газаправода «Урэнгой-Памары-Ужгарад».

Калі прыняць да ўвагі, што згодна з рамачным пагадненнем «Нафтагаза» з нямецкай кампаніяй RWE Supply & Trading максімальны аб'ём газу для паставак зафіксаваны на ўзроўні блізу 10 млрд куб.м. у год, то ёсць падставы казаць аб рэальных магчымасцях значнай дыверсіфікацыі газавых паставак ўжо ў гэтым годзе. Прычым, з кожным годам будуць адкрывацца ўсё новыя і новыя магчымасці дадатковых паставак з боку іншых гульцоў газавага рынку. Напрыклад, з канца 2014 года магчымыя пастаўкі з СПГ-тэрмінала ў Польшчы, з 2016 года пры спрыяльных варунках расхінуцца перспектывы атрымання азербайджанскага газу праз трубаправод «TANAP», альбо «Nabucco West». І гэта пры тым, што ўрад плануе пакрысе павялічваць уласную здабычу газу, у тым ліку распрацоўку марскога шэльфа.

У перспектыве - магчымасці запускання прамысловай здабычы сланцавага газу (пры канчатковым ўзгадненні пачатку здабычы і паспяховым пацверджанні ўкраінскіх запасаў). Яшчэ адным варыянтам застаецца выраб сінтэтычнага газу паводле прапанаваных Кітаем тэхналогій (з вугалю). Варыянт паставак туркменскага газу ва Украіну пакуль занадта рана абмяркоўваць з прычыны адсутнасці дамоўленасцяў з Расеяй аб транзіце праз яе ГТС. Тэарэтычнае тлумачэнне Пагаднення аб Зоне вольнага гандлю ў рамках СНД не дасць аўтаматычнай магчымасці атрымліваць туркменскі газ праз расейскія газаправоды.

У выніку Украіна рэальна можа загарантаваць энэргетычную бяспеку цягам 3-5 гадоў. Але для гэтага трэба развязаць з Расеяй пытанне мінімальных закупак (у гэтым годзе плануецца закупка 18-20 млрд куб. м), стасуючы яго альбо да мінімальных аб'ёмаў транзіту, альбо да рэальных патрэб украінскай эканомікі з улікам нарастальнага дыверсіфікацыйнага складніка.

Прапановы ЕЗ дапамагчы энэргетычна Украіне - не зусім беспадстаўныя. Застаецца толькі драбяза - не замкнуцца на прапанове Масквы аб дзвюхстароннім кансорцыуме, зноў вывесці перамоўны працэс на трохстаронні фармат з удзелам Брусэля. Тым больш, што еўракамісар энэргетыкі Гюнтэр Этынгэр проста заявіў аб зацікаўленасці Еўропы зноў разгледзець трохстаронні варыянт кансорцыума, але ўжо адводзячы Украіне ролю ключавога звяна ў транзіце расейскага газу ў ЕЗ. Гэтым Еўразвяз пацвердзіў нежаданне ўмацоўваць расейскую газавую манаполію за кошт Украіны.

Расеі застаецца намагаць дзвюхстаронняга фармату будучага кансорцыума ў кіраванні ГТС Украіны і ўжываць розныя метады ціску, як рахунак на 7 млрд дал на адрас «Нафтагаза», альбо абяцаць істотна знізіць кошт газу ў выпадку дамоўленасцяў ГТС «на дваіх». Аднак удзел у кіраванні энэргетычнымі актывамі Украіны паводле правіл ЕЗ катэгарычна непрымальны для Крамля, пра што наўпрост заявіў прэзідэнт Расейскага газавага таварыства Валерый Язеў.

Запэўніванні ў энэргетычнай дапамозе ЕЗ падмацоўваюцца заявамі ключавых еўрапейскіх палітыкаў. Да прыкладу, міністр замежных спраў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле на сустрэчы са сваім украінскім візаві адзначыў, што без Украіны Еўразвяз будзе няпоўным. Нямеччына, відавочна, апошнім часам надае ўсё больш пільную ўвагу Украіне, пачынаючы канкураваць з Расеяй за яе традыцыйнае поле ўплыву.

Паглыбленне энэргетычнага супрацоўніцтва здольнае часткова аднавіць інвестыцыйны клімат у Украіне, які апошнім часам істотна пагоршыўся. У прыватнасці, гэтаму можа паспрыяць падпісанне адміністрацыйнай дамоўленасці паміж Міністэрствам эканамічнага развіцця і гандлю Украіны і Генэральным дырэктаратам Еўрапейскай Камісіі «Гандаль» на нядаўнім саміце Украіна-ЕЗ. Энэргетыка застаецца ці не астатняй надзеяй ўкраінскай эканомікі на паляпшэнне гандлёвых і інвестыцыйных стасункаў з заходнімі карпарацыямі і банкамі.

У той жа час заявы прадстаўнікоў «Нафтагаза» аб магчымасці захоўвання замежнымі кампаніямі газу ва ўкраінскіх падземных сховішчах коштамі, істотна ніжэйшымі за еўрапейскія, дэманструе, што працэс газавага торгу паміж Кіевам і Брусэлем пачаўся. Ключ да поспеху ў газавым трыкутніку ЕЗ - Украіна - Расея знаходзіцца ў стане балансу. Наколькі ўкраінская ўлада дасць рады гэтай задачай, стане зразумела ўжо бліжэйшымі месяцамі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках