Нацбанк забараніў нямэтавае крэдытаванне юрыдычных асоб
8- 6.02.2013, 16:30
Па выніках праведзеных у студзені кансультацый з кіраўніцтвам беларускіх банкаў Нацбанк РБ, параіўшыся з самім сабой, накіраваў у банкі настойлівыя рэкамендацыі.
Гэтыя рэкамендацыі рэзка зніжаюць прыбытковасць гэтага віду банкаўскіх паслуг з аднаго боку, а з другога прыкметна ўскладняюць доступ беларускіх прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў да крэдытных рэсурсаў за кошт увядзення абавязковага мэтавага выкарыстання фінансавання, якое прадастаўляецца, і жорсткага кантролю з боку банкаў, піша АФН.
«Пры прадастаўленні крэдытаў суб'ектам гаспадарання ў беларускіх рублях банкам рэкамендавана арыентавацца на ўзровень маржы, якi не перавышае 3 адсоткавых пунктаў», - гаворыцца ў каментары Нацбанка да рэкамендацый, якія разасланыя ў адрас банкаў.
«...крэдытаванне юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў ажыццяўляць з абавязковым указаннем у крэдытнай дамове ўмовы аб мэтавым выкарыстанні крэдыту», - абвяшчае яшчэ адна рэкамендацыя Нацбанка РБ
«Крэдыты юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам для выплаты заработнай платы рэкамендавана прадастаўляць на тэрмін не больш аднаго месяца», - таксама настойліва раіць рэгулятар.
«...банкам прапанавана забяспечыць на ўсіх стадыях крэдытавання праектаў, у тым ліку тых, якія фінансуюцца з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі, аналіз эфектыўнасці выкарыстання крэдытных рэсурсаў і, пры неабходнасці, прымаць аператыўныя кіраўніцкія рашэнні», - адзначаецца ў каментары.
«...крэдытна-фінансавыя ўстановы павінны ўзмацніць кантроль за паўнатой прадстаўлення кліентамі дакументаў па знешнегандлёвых аперацыях і праводзіць аналіз прадстаўленых кліентамі ў адпаведнасці з заканадаўствам дакументаў і звестак з мэтай выканання банкамі функцый агентаў валютнага кантролю і патрабаванняў заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці», - нагадвае Нацбанк, хто ў краіне рэальна выконвае функцыю «пральнага кантралёра».
Варта нагадаць, што рэкамендацыі рэгулятара дэ-факта носяць абавязковы да выканання характар, паколькі ў Нацбанка заўсёды знойдзецца метад уздзеяння на непакорлівых.
«Банкам рэкамендавана забяспечыць безумоўнае выкананне параметраў функцыянавання ў 2013 годзе, якія пакрываюць рызыкі ў іх дзейнасці, у тым ліку выкананне мінімальных патрабаванняў да велічыні нарматыўнага капіталу ў адпаведнасці з ліцэнзійнымі паўнамоцтвамі, падтрыманне значэння паказчыка дастатковасці нарматыўнага капіталу на належным узроўні», - як бы няўзнак нагадаў рэгулятар.