27 лiстапада 2024, Серада, 5:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы патрабуюць галоснасці ў справе Гайдукова

3
Праваабаронцы патрабуюць галоснасці ў справе Гайдукова

Беларускія праваабарончыя арганізацыі патрабуюць галоснасці і захавання ўсіх працэсуальных гарантый для палітвязня Андрэя Гайдукова.

Прыводзім тэкст сумеснай заявы ПЦ «Вясна» і Беларускага хельсінскага камітэта цалкам:

«Як стала вядома з паведамленняў сваякоў Андрэя Гайдукова, які ўтрымлiваецца пад вартай у СІЗА КДБ па абвінавачванні ў здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 356 КК Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), пры правядзенні расследавання дадзенай крымінальнай справы органамі следства дапускаліся грубыя парушэнні яго правоў. Так, у прыватнасці, неаднаразова адмаўлялася ў доступе абвінавачанага Андрэя Гайдукова да адваката, а сваякам - у прадастаўленні інфармацыі аб месцы ўтрымання абвінавачанага.

Варта адзначыць, што права бесперашкодных канфідэнцыйных зносін са сваім абаронцам, без якіх-небудзь абмежаванняў па іх частаце і працягласці па часе, гарантаванае грамадзянам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, а таксама адпаведнымі нормамі дзеючага нацыянальнага заканадаўства - КПК Рэспублікі Беларусь.

У 2011 годзе ў Заключных заўвагах па 4-му перыядычнаму дакладу Рэспублікі Беларусь Камітэт ААН супраць катаванняў выказаў сур'ёзную занепакоенасць шматлікімі звесткамі аб тым, што затрыманым часта адмаўляюць у асноўных правах, уключаючы доступ адваката, права на кантакт з сям'ёй (CAT/C/SR. 1053). Камітэт супраць катаванняў рэкамендаваў дзяржаве як заканадаўча, так і на практыцы забяспечыць усім затрыманым доступ да асноўных прававых гарантый, у тым ліку неадкладны доступ да адваката.

Таксама мы вельмі занепакоеныя практыкай уздзеяння на адвакатаў з дапамогай адабрання падпіскі аб невыдаванні дадзеных следства ,якая атрымала шырокае распаўсюджванне ў апошні час і прымененай ў справе Андрэя Гайдукова і трактуецца неправамерна шырока. У выніку адвакат пазбаўляецца магчымасці прадастаўляць грамадскасці інфармацыю пра сутнасць прад'яўленых падабароннаму абвінавачванняў, пра магчымыя працэсуальныя парушэнні, якія закранаюць правы падабаронных, пра іх стан здароўя і іншыя падобныя звесткі. На нашу думку, такі падыход абмяжоўвае права асоб, якія знаходзяцца пад вартай, на абарону, а таксама пазбаўляе грамадскасць магчымасці атрымаць інфармацыю, якая закранае публічныя інтарэсы.

Улічваючы характар прад'яўленых Андрэю Гайдукову абвінавачванняў, заклікаем кампетэнтныя органы Рэспублікі Беларусь пры правядзенні крымінальнага пераследу Андрэя Гайдукова забяспечыць належную абарону і рэалізацыю яго правоў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі абавязацельствамі, прынятымі краінай перад сваімі грамадзянамі і міжнароднай супольнасцю. Асобы, вінаватыя ў такіх парушэннях, павінны быць прыцягнутыя да адпаведных мер адказнасці.

Таксама заклікаем забяспечыць інфармаванне грамадскасці аб ходзе расследавання і неабходную публічнасць будучага судовага разгляду па гэтай справе».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках