26 лiстапада 2024, aўторак, 23:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Халіп дазволілі спатканне з мужам

56
Халіп дазволілі спатканне з мужам

Жонцы былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава дазволілі часовы выезд з Беларусі.

«Учора мяне выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Партызанскага РУУС, дзе я стаю на ўліку. Начальнік УІІ Наталля Каляда паведаміла мне, што па маёй заяве ўсё ж такі прынятае станоўчае рашэнне, і ў перыяд да 3 красавіка я магу наведаць мужа і з'ездзіць у рэдакцыю «Новой газеты», - паведаміла Ірына Халіп сайту charter97.org. - Гэта значыць, нам з мужам далі «свіданку». Вядома, спатканне ў Еўропе куды лепш, чым спатканне ў Наваполацкай калоніі, але ў маім статусе нічога не мяняецца. Я па-ранейшаму застаюся арыштанткай, у ліпені мяне чакае новы суд, які будзе вырашаць, што са мной рабіць далей. Проста на час двух дазволеных мне паездак міліцыя не будзе прыходзіць да мяне па вечарах. А так - усё застаецца па-ранейшаму: адзначэнне ў РУУС кожны панядзелак, каменданцкая гадзіна ў 22.00, начныя візіты міліцыі з праверкамі».

Журналістка «Новой газеты» задаецца пытаннем: чаму яе часова адпусцілі з краіны?

«Чаму ў рэжыма раптам «канцэпцыя змянілася», здавалася б? Бо яшчэ ў канцы кастрычніка, пасля першай заявы Лукашэнкі, мой галоўны рэдактар Дзмітрый Муратаў прыехаў у Менск і прыйшоў у тую ж самую крымінальна-выканаўчую інспекцыю. І тая ж начальніца падрабязна патлумачыла яму, што ні пра якую паездку ў Маскву гаворкі быць не можа. А ўчора раптам усё вырашылася на працягу некалькіх хвілін. І я ўпэўненая: сустрэча з мужам стала магчымай дзякуючы журналістам. Спачатку Яўген Лебедзеў з The Independent, потым Таццяна Каравянкова з БелаПАН, якія задавалі Лукашэнку нязручныя пытанні, змаглі «разгайдаць» сітуацыю. І тыя, хто падхопліваў тэму, тэлефанаваў у афіцыйныя інстанцыі, патрабуючы тлумачэнняў, прымусілі лукашэнкаўскую чэлядзь круціцца, быццам вужы на патэльні. Так што я вельмі ўдзячная сваім калегам. Менавіта дзякуючы ім, а не раптоўнаму прыпадку гуманнасці ў гэбухі і яе начальства, я атрымала магчымасць хоць бы на некалькі дзён убачыцца з мужам.

У той жа час я выдатна разумею, што журналісты маглі б біцца ў любыя дзверы безвынікова, але менавіта зараз, як усе мы бачым, пачаўся чарговы этап гандлю. Нас усіх выставілі на таргі ў абмен на крэдыты, «Усходняе партнёрства», адмену санкцый. І я не сумняваюся, што прадастаўленае мне кароткае спатканне з мужам будзе падавацца лукашэнкаўскімі эмісарамі як разгул дэмакратыі. Вельмі спадзяюся, што ў заходніх палітыкаў хопіць мудрасці не клюнуць на гэтую прынаду», - адзначыла Ірына Халіп.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках