«Рэгіянал» папрасіў Пуціна ўвесці войскі ва Украіну
82- 2.12.2013, 13:31
- 36,954
Дэпутат з гарадскога савета Севастопаля збірае подпісы пад зваротам да прэзідэнта Расеі.
У сваёй петыцыі Сяргей Смальянінаў просіць Уладзіміра Пуціна ўмяшацца ў сітуацыю, якая адбываецца цяпер ва Украіне і ўвесці войскі на яе тэрыторыю, піша «Цензор.нет».
«У выніку адмовы народа Украіны і яе законна абранага Прэзідэнта Віктара Януковіча ад падпісання рабаўніцкай асацыяцыі з Еўразвязам, заходнімі спецслужбамі і іх агентамі ініцыяваная спроба звяржэння законнай улады ў краіне. Для чаго арганізаваныя беспарадкі і праплочаныя мітынгі ў шэрагу гарадоў Украіны і інфармацыйныя атакі ў СМІ, на Інтэрнэт-рэсурсах, якія фінансуюцца ЗША», - піша дэпутат.
Пад зваротам ужо стаіць 12 подпісаў, у тым ліку іншага дэпутата гарадскога савета - Міхаіла Мішчанкі. Аўтограф таксама пакінуў Вадзім Дворнікаў, памочнік дэпутата Вярхоўнай Рады ад Партыі рэгіёнаў Вадзіма Калеснічэнкі.
Нагадаем, на віленскім саміце Усходняга партнёрства 28-29 лістапада прэзідэнт Віктар Януковіч не падпісаў Пагадненне аб асацыяцыі Украіны з ЕЗ. Кіеў прапанаваў Брусэлю прыцягнуць Расею да абмеркавання палажэнняў пагаднення. Еўрачыноўнікі пакуль на такую прапанову не пагаджаюцца.
Жыхары краіны ўжо адказалі на зрыў падпісання пагаднення беспрэцэдэнтнай акцыяй пратэсту. Яна праходзіць па ўсёй Украіне ўжо другі тыдзень і б'е рэкорды колькасці ўдзельнікаў падзей 2004 года. Кульмінацыяй акцыі, якую ўжо называюць «еўрарэвалюцыяй», былі ўчорашнія падзеі ў Кіеве. У мірнай акцыі на Майдане Незалежнасці прынялі ўдзел ад 500 да 700 тысяч чалавек. Каля рэзідэнцыі Януковіча адбыліся сутыкненні, справакаваныя некалькімі сотнямі невядомых хуліганаў у масках. Апазіцыя асудзіла правакатараў і заявіла пра працяг акцыі. Сёння ва Украіне намечаны пачатак агульнанацыянальнай забастоўкі.
Фота: РІА «Новости»