Януковіч прасіў у Пуціна 15 мільярдаў даляраў
19- 16.12.2013, 17:04
- 29,648
СМІ даведаліся аб суме патэнцыйнага крэдыту Расеі Украіне.
Украіна папрасіла ў Расеі крэдыт на 15 мільярдаў даляраў. Пра гэта 16 снежня паведаміла агенцтва Bloomberg са спасылкай на ананімныя крыніцы.
Афіцыйна інфармацыя не пацверджаная. Мінфін Расеі пацвердзіў толькі сам факт перамоваў, але адмовіўся паведаміць падрабязнасці. Першыя пяць мільярдаў даляраў, па звестках агенцтва, могуць быць вылучаныя Кіеву ўжо ў гэтым годзе. Масква і Кіеў таксама абмяркоўваюць зніжку на расейскі газ, які пастаўляецца на Украіну, перадае Lenta.ru.
Раней 16 снежня памочнік прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна Андрэй Белавусаў не выключыў магчымасці выдзялення сродкаў Кіеву. Па словах чыноўніка, Украіне для падтрымання эканамічнай стабільнасці неабходная знешняя падтрымка. Пра крэдыт можа быць абвешчана 17 снежня падчас сустрэчы кіраўніка Расеі і прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.
Ва Украіне рэзка вырас кошт абслугоўвання дзяржаўнага доўгу. 10 снежня стала вядома, што даходнасць украінскіх аблігацый з пагашэннем у чэрвені 2014 года дасягнула 20,86 адсотка. Такі высокі кошт запазычанняў змушае Кіеў шукаць іншыя крыніцы запазычанняў. Раней Украіна звярталася ў МВФ, але адмова ад правядзення рэформаў, на якіх настойваў фонд, прывяла да згортвання супрацоўніцтва. У 2010 годзе Кіеў разлічваў атрымаць ад МВФ звыш 15 мільярдаў даляраў.
Перамовы з Расеяй праходзяць на фоне абвастрэння эканамічных праблем Украіны, якая адчувае дэфіцыт бюджэту і рост дзяржаўнага доўгу. За першыя восем месяцаў 2013 года выдаткі ўкраінскага бюджэту перавысілі даходы на 2,1 мільярда даляраў. Дзяржаўны доўг Украіны дасягае 68,8 мільярда даляраў.
Фота: РІА «Новости»