Віталь Клічко заклікаў Захад ўвесці санкцыі супраць Януковіча
34- 30.11.2013, 11:45
- 26,118
Лідэр украінскай партыі «УДАР» звярнуўся да кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін ЕЗ i ЗША.
Ён заклікаў разгледзець магчымасць прымянення персанальных санкцыяў у дачыненні да прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і прадстаўнікоў яго рэжыму. Пра гэта паведамляе прэс-служба партыі «УДАР».
«Януковіч пасля непадпісання Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ разважыў, што яму дазволеныя любыя агіднасці і злачынствы супраць уласнага народа. Калі гэта не спыніць сёння, Украіна ператворыцца ў дзікую паліцэйскую дзяржаву і крыніцу нестабільнасці ў цэнтры Еўропы», - заявіў Віталь Клічко.
Нагадаем, сёння ноччу міліцыя сілай разагнала прыхільнікаў еўраінтэграцыі ў сталіцы Украіны. Прыкладна а 4 раніцы «Беркут» узяў пад кантроль увесь перыметр Майдана Незалежнасці. Актывісты пішуць аб збіванні апошніх мітынгоўцаў дубінкамі. Апазіцыянеры кажуць пра тысячу чалавек, якіх сілай сагналі з месца пратэсту і пра больш за 30 затрыманых.
Раней, падчас саміту «Усходняга партнёрства» ў Вільні, прэзідэнт Украіны адмовіўся падпісваць пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ.