27 лiстапада 2024, Серада, 16:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штэфан Фюле адмяніў візіт ва Украіну

8
Штэфан Фюле адмяніў візіт ва Украіну

Еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства адмяніў раней запланаваны візіт у Кіеў.

Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на прэс-сакратара прадстаўніцтва Еўрапейскага звяза ў краіне Давіда Стуліка. Пры гэтым ён не паведаміў ніякіх іншых падрабязнасцяў.

22 лістапада 2013 года ў Кіеве Штэфан Фюле павінен быў правесці перамовы з прадстаўнікамі ўкраінскай улады, апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Нагадаем, у чацвер 21 лістапада, Вярхоўная Рада Украіны ў прысутнасці назіральнікаў ад Еўрапарламента не змагла прыняць ні адзін варыянт з шасці законапраектаў, якія прадугледжваюць лячэнне асуджаных грамадзян за мяжой і неабходных для падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ. Галасаванне завяршылася пад агульныя крыкі апазіцыйных нардэпаў «Ганьба!» на адрас калегаў з самай вялікай фракцыі Партыі рэгіёнаў і фракцыі Кампартыі, бо менавіта яны не падтрымалі ні адзін з дакументаў. Адзіным рэгіяналам, які падтрымаў чатыры з шасці законапраектаў, стаў Нестар Шуфрыч. Разам з ім адзін з законапраектаў падтрымала рэгіяналка Ірына Беражная. Астатнія прадстаўнікі кіруючай партыі не прагаласавалі, з-за чаго Рада не змагла набраць больш 195 галасоў.

На фоне ўсяго гэтага Кабінет міністраў Украіны вырашыў прыпыніць працэс падрыхтоўкі да падпісання ПА з Еўразвязам, а таксама прыняў распараджэнне, згодна з якім урад ініцыюе стварэнне трохбаковай камісіі пры ўдзеле Еўрапейскага Звяза і Расейскай Федэрацыі. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін тут жа заявіў, што Масква гатовая да трохбаковых перамоваў для вырашэння пытанняў, звязаных з магчымым падпісаннем пагаднення аб асацыяцыі Украіны з ЕЗ.

28-29 лістапада ў Вільні адбудзецца саміт Еўрапейскага Звяза. На ім чакалася падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з Украінай. Для гэтага Украіне заставалася прыняць некалькі законапраектаў і вырашыць пытанне зняволенага экс-прэм'ера Юліі Цімашэнка. У апошні час Кіеў дэманстраваў рашучасць на шляху да еўраінтэграцыі. Аднак, 9 лістапада ў Расеі адбылася таемная сустрэча прэзідэнтаў Януковіча і Пуціна, змест якой застаецца невядомым. Пасля гэтага ўкраінская ўлада рэзка змяніла рыторыку.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках