27 лiстапада 2024, Серада, 19:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цімашэнка пакінулі ў турме да саміту ЕЗ

7
Цімашэнка пакінулі ў турме да саміту ЕЗ

Вярхоўная Рада Украіны праваліла прыняцце закона аб адпраўцы зняволеных на лячэнне за мяжу.

Разгляд пытання, ад якога залежыць далейшы лёс экс-прэм'ера Юліі Цімашэнка, а таксама, верагодна, еўрапейская інтэграцыя краіны, адкладзены, паведамляе «Украинская правда».

Вызваленне лідара «Батькивщины» або па крайняй меры адпраўка яе на лячэнне за мяжу былі ўмовай ЕЗ, пры выкананні якой Украіна магла разлічваць на падпісанне пагаднення аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю. Меркавалася, што гэтае пытанне будзе вырашана да саміту ЕЗ у Вільні (ён адбудзецца 28-29 лістапада), дзе планавалася падпісаць дамову.

Аднак прыняць закон, які тычыцца Цімашэнка, да віленскага саміту дэпутаты Рады, верагодна, ужо не паспеюць. Сёння, 13 лістапада, місія Еўрапарламента, створаная для маніторынгу рэспублікі ў рамках падрыхтоўкі да пагаднення з ЕЗ (ключавым пытаннем, якім займалася місія, было як раз вызваленне Цімашэнка), прадставіць сваю справаздачу па выніках працы на Украіне. А ў наступны панядзелак 18 лістапада, адбудзецца пасяджэнне Рады ЕЗ, на якім будзе вырашана, ці гатовая Украіна да асацыяцыі з Еўразвязам і ці выканала яна неабходныя ўмовы, піша Lenta.ru.

Між тым наступнае пасяджэнне Вярхоўнай Рады, на якім магло бы быць разгледжана пытанне Цімашэнка, адбудзецца толькі 19 лістапада, перадае РІА «Новости».

У парламент Украіны раней былі пададзеныя некалькі законапраектаў аб адпраўцы зняволеных на лячэнне за мяжой. Аднак кіруючая Партыя рэгіёнаў ні адзін з іх не падтрымала. У парламенце была створаная працоўная група, якая павінна была распрацаваць адзіны праект, але гэтага так і не было зроблена.

Нагадаем, што ўлады Украіны раней адмовіліся ад прапанаванага Расеяй уступлення ў Мытны саюз і абвясцілі прыярытэтам еўраінтэграцыю. Аднак у апошні час у кіраўніцтве рэспублікі сталі дапускаць, што запланаванае пагадненне з ЕЗ не будзе падпісана. Ва ўкраінскай прэсе выказваліся здагадкі, што ўлады сабатуюць збліжэнне з ЕЗ, адмаўляючыся вызваліць Цімашэнка.

Юлія Цімашэнка пасля прыходу да ўлады яе палітычных апанентаў - Віктара Януковіча і яго Партыі рэгіёнаў - была арыштаваная і прысуджаная да сямі гадоў турмы. Ёй паставілі ў віну перавышэнне паўнамоцтваў пры заключэнні газавых пагадненняў з Расеяй. У дачыненні да экс-прэм'ера былі ўзбуджаныя і іншыя крымінальныя справы. Сама яна абвінавачванні ў свой адрас адмаўляе, заяўляючы, што яе пераследуюць па палітычных матывах.

З 2012 года Цімашэнка, якая адбывае тэрмін зняволення, знаходзіцца ў бальніцы. Там яна праходзіць лячэнне ў сувязі з захворваннем хрыбетніка. Экс-прэм'ер выказвала жаданне працягнуць лячэнне ў Германіі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках