Марына Адамовіч: Правы зняволеных на перапіску груба парушаюцца
9- 6.10.2013, 14:53
- 12,505
Жонка Мікалая Статкевіча атрымала з Магілёўскага ўпраўлення дэпартамента выканання пакаранняў адказ на сваю скаргу.
Яна была пададзеная праз тое, што лісты палітвязня часта падвяргаюцца цэнзуры больш за тры дні, што забаронена законам. Але ў дэпартаменце прытрымліваюцца іншага меркавання, паведамляе «Радыё Рацыя».
«Я прыклала копіі канвертаў. Мікалай Статкевіч заўсёды, калі аддае ліст кантралёру, пазначае дату, калі гэта зроблена, а даты на паштовых штэмпелях разыходзяцца на 5-7, а то і на 10 дзён. Што яны там робяць з гэтымі лістамі - я не ведаю. Я адправіла скаргу ў дэпартамент і пракуратуру і атрымала абсалютна стандартныя адказы, што мой муж, аказваецца, не ўтрымліваецца пад вартай, а з'яўляецца асуджаным, таму патрабаванні закона на яго не распаўсюджваюцца», - сказала Марына Адамовіч.
На яе думку, гэта грубае парушэнне права зняволеных на перапіску. Жонка палітвязня збіраецца абскардзіць дзеянні магілёўскіх турэмшчыкаў.
Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі і ўтрымліваецца ў Магілёўскай крытай турме.
Фота: RFE/RL