Кіраўніцтва БАЖ сустрэлася з начальнікам сталічнай міліцыі
7- 24.10.2013, 17:58
- 16,515
Сустрэча з Аляксандрам Барсуковым працягвалася больш за паўгадзіны.
Старшыня ГА «БАЖ» Жанна Літвіна і яе намеснік Андрэй Бастунец 23 кастрычніка сустрэліся з начальнікам ГУУС Менгарвыканкама Аляксандрам Барсуковым.
Тэмай размовы стала масавае затрыманне журналістаў 19 снежня на чыгуначным вакзале Менска, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
- Сустрэча з Аляксандрам Барсуковым працягвалася больш за паўгадзіны. Кіраўнік сталічнай міліцыі выслухаў нашы аргументы і нашу занепакоенасць беспадстаўнымі затрыманнямі журналістаў, - распавяла Жанна Літвіна. - Мы яшчэ раз нагадалі, што не толькі ў супрацоўнікаў міліцыі, але і ў журналістаў ёсць свае прафесійныя абавязкі і правы, якія складаюцца ў тым, каб знаходзіцца непасрэдна на месцы падзей і фіксаваць, здымаць, запісваць усё, што адбываецца.
У сваю чаргу, Аляксандр Барсукоў адзначыў, што ў суботу яго не было на месцы канфлікту, але адразу ж прыбыў туды, так як прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі быў на адпачынку. Аляксандр Барсукоў падкрэсліў, што асабіста праверыў дакументы ў журналістаў, пасля чаго даў падначаленым каманду вызваліць затрыманых.
- Акрамя суботняга выпадку, - працягвае Жанна Літвіна, - мы абмеркавалі агульны стан узаемаадносінаў міліцыі з прэсай.
Кіраўнікі арганізацыі распавялі Барсукову аб тым, што па дадзеных маніторынгу ў гэтым годзе журналістаў затрымлівалі мінімум 35 разоў. Чатыры выпадкі затрымання скончыліся адміністрацыйнымі арыштамі.
Барсукоў лічыць, што адносіны міліцыі і журналістаў у краіне ў апошні час цалкам нармальныя, хоць і кожны з бакоў можа мець прэтэнзіі.
Жанна Літвіна прывяла прыклад наладжвання ўзаемаадносінаў паміж міліцыяй і журналістамі ў суседніх краінах. У прыватнасці, распавяла пра ўвядзенне ў Маскве так званых «картак бяспекі» журналістаў, якія выдаюцца органамі ўнутраных спраў згодна з мемарандумам, які заключылі маскоўская паліцыя і Расейскі саюз журналістаў.
Лідары БАЖ прапанавалі абмеркаваць усе гэтыя пытанні падрабязней на адмысловай сустрэчы журналістаў і міліцыі. Гэту прапанову Барсукоў не падтрымаў. Паводле яго слоў, ён і так гатовы адказаць на любыя пытанні журналістаў падчас прэс-канферэнцый або сустракацца з імі ў гадзіны прыёму грамадзян.