МТЗ перадумаў прадаваць трактары ў Зімбабвэ
36- 31.01.2013, 17:40
Беларускую старану не задаволіла тое, што за тэхніку збіраліся заплаціць мясцовымі грашыма.
Улады Зімбабвэ два гады таму планавалі купляць трактары Менскага трактарнага завода. Дамову ўклалі прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч і віцэ-прэзідэнт Зімбабвэ Джон Нкомо.
На МТЗ кажуць, што цікавасць са стараны афрыканскай краіны сапраўды была. Але праект так і застаўся толькі на словах, піша «Еўрарадыё».
«Выявілася, што зімбабвійская старана не мае пад сабой фінансавай стабільнасці! Пастанавілі прапрацоўваць пастаўкі праз кампанію «Белзамежпрамсэрвіс». Яны ездзілі некалькі разоў туды, фінансавае пытанне прапрацоўвалі. І Цэнтральны банк Зімбабвэ прапанаваў здзейсніць угоду ў мясцовай валюце».
Прадаваць трактары за зімбабвійскую валюту МТЗ не захацеў.
Дарэчы, у 2011 годзе Зімбабвэ страціў статус краіны з самай высокай інфляцыяй у свеце. Эканамісты аддалі першае месца ў сумніўным рэйтынгу Беларусі, дзе інфляцыя за 8 месяцаў склала 88%.