27 лiстапада 2024, Серада, 22:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канфедэрацыя працы Расеі супраць прыгоннага права ў Беларусі

12
Канфедэрацыя працы Расеі супраць прыгоннага права ў Беларусі

Расейскія прафсаюзнікі пачынаюць міжнародную кампанію супраць рабства ў Беларусі.

Нядаўна, ад імя Усееўрапейскай рэгіянальнай рады Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў прэзідэнт УЕРР Міхаіл Шмакаў звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем адмяніць дэкрэт, які ўводзіць у краіне прымусовую працу. Нагадаем, што падпісаны ў пачатку снежня Дэкрэт № 9 фактычна забараняе звальненне па ўласным жаданні па ініцыятыве работнікаў. «Сутнасць Дэкрэта заключаецца ў тым, што людзей прымушаюць працаваць шляхам гвалту і «палкавай» дысцыпліны. Вымушаны са шкадаваннем адзначыць, што ўмовы дэкрэта шмат у чым нагадваюць дзеянні ўладаў М'янмы, якія трапілі пад рэзкую крытыку Міжнароднай арганізацыі працы і ўсёй сусветнай супольнасці, што прывяло да ўвядзення санкцый, якія прывялі да эканамічнага спаду і міжнароднай ізаляцыі краіны», - адзначаецца ў звароце УЕРР.

Дзеянні УЕРР падтрымаў прэзідэнт Канфедэрацыі працы Расеі Барыс Краўчанка. Адпаведная заява размешчаная на афіцыйным сайце расейскага працэнтра.

«Гаворка ў Дэкрэце ідзе аб фактычнай забароне, у тым ліку для занятых у дрэваапрацоўчай прамысловасці работнікаў, звальнення па ўласным жаданні па ініцыятыве работнікаў. Многія назвалі гэты дэкрэт рабаўладальніцкім або дэкрэтам аб прыгонным праве», - адзначыў Краўчанка.

«Мы абмяркоўвалі сітуацыю, якая склалася ў Беларусі, з Міхаілам Шмакавым, лідэрам беларускіх незалежных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком і генеральным сакратаром МКП Шарон Бароў і вырашылі, што зварот ад імя УЕРР будзе ў дадзеным выпадку найбольш патрэбным, - адзначыў Барыс Краўчанка. - Як лідэр агульнарасейскага нацыянальнага прафцэнтра, сяброўскай арганізацыі МКП і УЕРР, а таксама як сябра Выканаўчага камітэта УЕРР я цалкам падтрымліваю выкладзеную ў звароце пазіцыю».

Барыс Краўчанка таксама заявіў: «Варта адзначыць, што да гэтага часу Аляксандр Лукашэнка не быў схільны прыслухоўвацца да меркавання міжнароднай прафсаюзнай супольнасці. Мы неаднаразова звярталі ўвагу на абуральныя парушэнні працоўных правоў у Рэспубліцы Беларусь. Гэтае пытанне стала прадметам пільнага шматгадовага разгляду Міжнароднай арганізацыі працы, якая не раз выносіла жорсткія рашэнні ў сувязі з парушэннем працоўных правоў у Рэспубліцы Беларусь. Аднак сітуацыя працягвае пагаршацца».

«Думаю, што ў хуткім часе мы павінны будзем пачаць новую міжнародную кампанію падтрымкі работнікаў і незалежных прафсаюзаў у Рэспубліцы Беларусь. Канфедэрацыя працы Расеі і яе сяброўскія арганізацыі выказваюць гатоўнасць да арганізацыі і правядзення такой кампаніі», - падкрэсліў прэзідэнт КТР.

Нагадаем, дэкрэт № 9 абмяжоўвае працоўныя правы работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. У прыватнасці, усе яны павінны быць пераведзеныя на кантрактную форму найму, прычым датэрміновае скасаванне кантрактаў у перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў (па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, гэта 2013-2014 гады) па ініцыятыве работнікаў дапускаецца толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракту можа быць абскарджаная старшыні абласнога (Менскага гарадскога) выканаўчага камітэта.

У выпадку парушэння работнікамі гэтых прадпрыемстваў сваіх працоўных абавязкаў і звальнення яны павінны пакрыць грашовыя выплаты, якія будуць налічвацца ім дадаткова да зарплаты. «Пры незвароце дадзеных выплат былымі работнікамі спагнанне гэтых сродкаў будзе ажыццяўляцца па рашэнні суда з іх працоўнага заробку па новым месцы працы. Асобы, якія не знаходзяцца ў працоўных адносінах, падлягаюць працаўладкаванню на ранейшае месца працы з наступным утрыманнем раней выплачаных грашовых сродкаў з іх заработнай платы», - сказана ў дэкрэце.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках