27 лiстапада 2024, Серада, 14:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі ўвайшоў у шорт-ліст прэміі «Індэкс цэнзуры»

1
Алесь Бяляцкі ўвайшоў у шорт-ліст прэміі «Індэкс цэнзуры»

Беларускі праваабаронца з'яўляецца адным з прэтэндэнтаў на штогадовую ўзнагароду брытанскай арганізацыі Index on Censorship у намінацыі «Абарона пазіцыі».

«Алесь Бяляцкі з'яўляецца выдатным праваабаронцам, які прысвяціў сваё жыццё дапамозе ахвярам парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі», - гаворыцца ў паведамленні «Індэкса цэнзуры».

Штогадовая Прэмія свабоды выказвання «Індэкса цэнзуры» у гэтым годзе будзе ўручацца ў 13-ы раз. Ёю адзначаюцца журналісты, блогеры, онлайн-актывісты, праваабаронцы і мастакі, якія змагаюцца супраць цэнзуры ва ўсялякіх яе выяўленнях ва ўсім свеце.

«Гэта людзі, якія знаходзяцца на асобнай «лініі фронту» барацьбы за свабоду слова; ім даводзіцца зазнаваць гвалт, пагрозы і зняволенні за свае перакананні, - гаворыцца ў заяве арганізацыі. - Адзначаючы іхнія дасягненні, мы спадзяемся звярнуць увагу сусветнай супольнасці на пагрозы для свабоды выказвання, якія існуюць у сённяшнім свеце, - наўпроставую цэнзуру, пераслед і празмернае ўжыванне заканадаўства ў інтэрнэт-цэнзураванні, рэлігійны і культурны ціск, а таксама нястачу доступу да інфармацыі».

Разам з Алесем Бяляцкім на ўзнагароду ў намінацыі «Абарона пазіцыі» прэтэндуюць 15-гадовая актывістка за права на адукацыю Малала Юсафзай з Пакістана, брытанская ініцыятыва «Hillsborough Family Support Group» і моладзевы рух «Girifna» з Судана.

Акрамя гэтага, узнагароды будуць уручаныя ў намінацыях «Журналістыка», «Лічбавая свабода» і «Мастацтва».

«Цяперашнія намінанты - гэта людзі, якія выявілі надзвычайную мужнасць у выказванні сваіх поглядаў, у барацьбе з цэнзурай і несправядлівасцю, шмат хто з іх робіць гэта ў вельмі складаных варунка», - адзначыла выканаўчая дырэктарка «Індэкса цэнзуры» Кірсці Х'юз.

Лаўрэаты прэміі будуць вызначаныя на гэтым тыдні. Узнагароджанне адбудзецца ў Лондане 21 сакавіка.

Index on Censorship - міжнародная арганізацыя са штаб-кватэрай у Лондане, мэтай якой з'яўляецца падтрымка вольнасці выказвання. З дапамогай кампаній і публікацый Index on Censorship кідае выклік усяму, што пагражае свабодзе выказвання, і дае слова журналістам, пісьменнікам, мастакам і актывістам, чыя вольнасць слова была парушаная. На працягу некалькіх апошніх гадоў арганізацыя актыўна займаецца сітуацыяй у Беларусі, надаючы асаблівую ўвагу свабодзе выказвання ў краіне.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках