27 лiстапада 2024, Серада, 5:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грэф асабіста даложыць Лукашэнке аб умовах новага крэдыту

13
Грэф асабіста даложыць Лукашэнке аб умовах новага крэдыту

Ашчадбанк РФ усё ж вынес пэўныя высновы з «наездаў» Лукашэнкі, якія пачаліся яшчэ ў мінулым годзе на фоне прадастаўлення 1 млрд. крэдыту «Беларуськалію».

Беларуская дачка Ашчада - БПС-Банк - на працягу гэтага часу актыўна піярылась з дапамогай культурных, спартыўных і сацыяльна-накіраваных праектаў, як, напрыклад, перадачы Нацбібліятэцы трактата «Вялікае мастацтва артылерыі», напісанага беларусам Казімірам Семяновічам і апублікаванага на латыні ў 1650 годзе ў Галандыі, і запланаваны на сёння-заўтра «пластыкавы» праект з менскім метрапалітэнам (не без камерцыйнай выгады для банка).

Але, безумоўна, галоўны ўрок - гэта дамоўленасць з беларускімі ўладамі аб рэфінансаванні згаданага крэдыту і візіт у Менск кіраўніка Ашчада Германа Грэфа для сустрэчы з Лукашэнкам і асабістага дакладу аб умовах рэфінансавання, піша АФН.

Беларускія ўлады і Ашчадбанк РФ дамовіліся аб рэфінансаванні яшчэ на мінулым тыдні. Як паведамлялася, на 20 верасня было запланавана пагашэнне субардынаванага крэдыту Ашчада і ЕАБР Беларуськалію ў 1 млрд. даляраў. Але 20 верасня гэтая тэма ні разу не ўсплыла ў беларускай інфармацыйнай прасторы, паколькі апавяшчэнне грамадскасці аб тым, што Беларусі не давядзецца адшпільваць 1 млрд даляраў з ЗВР Нацбанка РБ, было вырашана адкласці на некалькі дзён па шэрагу прычын: 1) Лукашэнка толькі да мінулай пятніцы вярнуўся з Сочы і адразу захапіўся Дажынкамі; 2) у краіне яшчэ не скончылася палітычная кампанія па прызначэнні новага складу андроідаў у парламент; 3) таму ж Грэфу зручней прыляцець у Менск менавіта сёння, 25 кастрычніка, сумясціўшы паход да Лукашэнкі і правядзенне семінара ў сістэме Ашчада .

Сустрэча Лукашэнкі і Грэфа адбудзецца ўжо ў бліжэйшыя гадзіны. Далей, кіраўнік Ашчада пагутарыць з прэм'ерам Мясніковічам, пасля чаго краіна мае вялікія шанцы даведацца аб умовах рэфінансавання з афіцыйных крыніц.

Нагадаем, што крэдыт Ашчадбанка і ЕАБР быў прадстаўлены выключна для папаўнення міжнародных рэзерваў Беларусі пад падвойнае забеспячэнне - гарантыі ўрада і заклад 51% акцый ААТ «Нафтан» - на наступных умовах: першыя 6 месяцаў стаўка па крэдыце складала LIBOR (1,1%) + 7,6% гадавых, з наступным павелічэннем стаўкі на 0,3%.

На думку экспертаў, умовы па новым крэдыце ў 1 млрд. даляраў будуць некалькі больш выгаднымі для Беларусі: стаўка па крэдыце наўрад ці перавысіць 7% гадавых, а ў якасці закладу - максімум гарантыі з боку ўрада і ніякіх акцый дзяржпрадпрыемстваў (кантраляваных дзяржавай ААТ). Дастаткова і таго, што Ашчаду дазволяць на выгадных для банка ўмовах пракрэдытаваць некалькі беларускіх прадпрыемстваў на буйныя сумы.

Але ёсць і яшчэ адна нагода для асабістай сустрэчы Лукашэнкі і Грэфа, які ў Расеі - кіраўнік найбуйнейшага ў РФ банка. А ў Беларусі Грэф - проста Грэф, а лёс беларускай дачкі Ашчада - БПС-Банка - шмат у чым залежыць і ад настрою Лукашэнкі. І такой падставай з'яўляецца замарожаная Расеяй схема бяспошліннага экспарту з РБ нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў. Бо як сцвярджаюць крыніцы ў адміністрацыі Лукашэнкі, на ліпеньскай сустрэчы беларускага кіраўніка з прэм'ерам РФ Мядзведзевым, апошні ў якасці аргументу выкарыстаў у тым ліку і аплатныя дакументы БПС-Банка, што ў сваю чаргу выклікала нядобрую рэакцыю з боку Лукашэнкі.

Але ў выніку сёння прабачэнні будуць прынятыя, 1 млрд. даляраў застанецца ў засеках Нацбанка, а беларуская эканоміка, нягледзячы на ўвесь ашчадны пазітыў, пакоціцца далей у тартарары.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках