27 лiстапада 2024, Серада, 3:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сумар заклікаў падняць зарплаты... чыноўнікам

70
Сумар заклікаў падняць зарплаты... чыноўнікам

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар лічыць, што скарачаць чыноўніцкі апарат няма неабходнасці, а вось падняць зарплату дзяржслужачым трэба.

Як стала вядома charter97.org, напярэдадні «выбараў» кіраўнік рэгіёну сустрэўся з рэдактарамі мясцовых газет і, адказваючы на іх пытанні, зрабіў некалькі цікаўных заяў. У прыватнасці, кажучы аб неабходнасці скараціць войска чыноўнікаў, Канстанцін Сумар заявіў, што структуры органаў мясцовай улады падбудаваны пад вырашэнне канкрэтных праблем людзей і колькасць штатаў мінімальная. Ён назваў «чыстай вады перадвыбарным папулізмам» заявы некаторых кандыдатаў аб неапраўданых бюджэтных выдатках на бюракратычны апарат.

Па словах брэсцкага «губернатара», называць зарплаты чыноўнікаў залімітавымі можа чалавек альбо абсалютна недасведчаны, альбо свядомы ашуканец. «Судзіце самі: за студзень-ліпень 2012 года сярэдняя заработная плата работнікаў дзяржаўнага кіравання вобласці склала 3 мільёны 290 тысяч рублёў. Для людзей, якія прымаюць рашэнні і нясуць за іх адказнасць, - гэта не такія ўжо залімітавыя сумы», - лічыць Сумар. Пры гэтым ён згадаў, што на «мяцежным» прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах, дзе ўлады ўсімі рознымі сродкамі перашкаджаюць стварэнню незалежнага прафсаюза, кіроўцы БелАЗ яшчэ ў канцы мінулага года ў сярэднім атрымлівалі 4,4 мільёны рублёў. Якая цяперашняя зарплата працоўных «Граніту» і чаму там працягваецца адток кваліфікаваных кадраў якія едуць на аналагічныя прадпрыемствы ў Расею, - «губернатар» канкрэтызаваць не стаў. Затое яму вельмі хочацца ведаць, дзе і як зарабляюць некаторыя кандыдаты ў «дэпутаты», якія «гадамі не працуюць і, тым не менш, жывуць даволі някепска».

Затое Сумар адкрыта прызнаў, што цяперашнія «дэпутаты» фактычна не маюць ніякіх рэальных паўнамоцтваў і іх перадвыбарныя праграмы - проста набор слоў. «Пасля заканчэння выбарчай кампаніі «дэпутаты» перадаюць у аблвыканкам інфармацыю аб наказах, заўвагах і прапановах выбаршчыкаў, - патлумачыў «губернатар». - Гэтая інфармацыя аналізуецца абласнымі службамі і затым матэрыялізуецца ў выглядзе плана мерапрыемстваў аблвыканкама па іх рэалізацыі па ўзроўнях адказнасці і тэрмінах выканання. Усё, што можа быць рэалізавана на мясцовым узроўні, даручаецца для вырашэння гарадскім, раённым і сельскім выканаўчым камітэтам ». Такім чынам, што б не казаў і не абяцаў кандыдат у «дэпутаты», а вылучаць грошы на рэалізацыю таго ці іншага праекту будзе вузкае кола чыноўнікаў.

Пасля такога пасажу Канстанцін Сумар усё роўна заклікаў рэдактараў газет уздзейнічаць на людзей, каб яны прынялі ўдзел у «парламенцкіх выбарах».

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках