28 лiстапада 2024, Чацвер, 0:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навумчык пазнаў у Пракаповічы дэпутата з вёскі Казлы

149
Навумчык пазнаў у Пракаповічы дэпутата з вёскі Казлы

І напісаў пра гэта артыкул.

Артыкул былога дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі, журналіста  Сяргея Навумчыка апублікаваны ў «Фэйсбуку».

П.П. Пракаповіч – ці не самае вялікае маё зьдзіўленьне лукашысцкага рэжыму. Я не гляджу БТ, газэты чытаю праз інтэрнэт (раней інтэрнэт-вэрсіі не друкавалі фота) і таму доўгі час успрымаў старшыню Нацбанку П.П. Пракаповіча як невядомага мне фінансіста, які, як лічылі аўтарытэтныя аглядальнікі, робіць сыстэмныя памылкі ў даручанай яму сфэры. Але для сучаснай Беларусі гэта – руціна, бо ўся “лінія” – і эканамічная, і палітычная – заганная. 

І вось аднойчы я ўбачыў здымак Пракаповіча – і аслупянеў. Гэта быў той самы Пракаповіч зь вёскі Казлы Пружанскага раёну, мой калега па Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня ў 1990-1996 гг. 

Тое, што Лукашэнка рэкруціруе кадры з ВС-12, даўно не зьдзіўляе. Гэта натуральна, бо, як-ніяк, чатыры гады штодня па 6-8 гадзінаў мы ўсе былі ў адной залі і добра ведаем адзін другога, Лукашэнка – не выключэньне. Іншае зьдзівіла, нават - шакавала 

Справа ў тым, што Пётр Пятровіч мной ( і ня толькі мной) успрымаўся як… ну, не магу нават вызначыць. 

Дэбіл - гэта зусім іншае, чым дурань (рабіць дурацкія ўчынкі могуць і вельмі разумныя людзі, што ўжо казаць пра звычайных (“Все мы не красавцы” (С. Даўлатаў)), альбо падонак, альбо чалавек іншых з табой палітычных пазыцый. 

Напрыклад, Кебіч быў іншых пазыцый, але я ніколі не назаву яго дэбілам. На Булахаве не было дзе ставіць кляйма, але ён ня быў дэбілам. Сініцына, “архітэктара” самага вялізнага злачынства перад нацыяй – т.зв. “рэфэрэндуму-95”, не назаву дэбілам. Нядаўна выпадкова давялося перасекчыся з адным былым віцэ-прэм’ерам, цяпер – амбасадарам, мы зь ім розных поглядаў, але прагаварылі некалькі гадзінаў – і пра палітыку, і не пра палітыку. 

А ёсьць людзі, з якімі проста няма пра што размаўляць. Максымум – што сёньня раніцай быў дождж, а цяпер сонца засьвяціла. Бо іх інтэлектуальны ўзровень проста не пакідае вам шанцаў на гутарку. 

І гэта не залежыць ад іх саміх – такімі нарадзіліся, і тут нічога нельга зьмяніць. Скажам, як нельга зьмяніць колер вачэй. Тут шмат прыкметаў, ці сумяшчэньня прыкметаў – такія людзі часам ня могуць пісьменна пабудаваць фразу, у іх адсутнічае логіка, ім цяжка разважаць пра абстрактныя паняцьці, і г.д. 

Такіх людзей вельмі шмат, і, у прынцыпе, яны бяскрыўдныя. У нармальным, разьвітым грамадзтве з дэмакратычнымі інстытуцыямі яны ня маюць шанцаў прабіцца і кірваць іншымі. Яны нават ня могуць атрымаць вышэйшай адукацыі – бо не здадуць іспытаў. У савецкі час яны маглі атрымаць дыплём, ісьці ўверх, часам (пры Сталіне) – на самы верх. Асабліва шмат такіх было сярод генэралітэту (і між іншым, у час вайны некаторыя зь іх мелі значныя перамогі – там, дзе трэба было “стаяць насмерць” коштам тупога выканання “ні кроку назад” і растрэлу сваіх жа дзесяткам тысяч. Там, дзе трэба было спрагназаваць дзеяньні праціўніка, яны былі бескарысныя). 

У асноўным, савецкая камуністычная сыстэма, пачынаючы з брэжнеўскіх часоў (сярэдзіны 1960-ых) рабіла фільтрацыю такіх асобаў (у тым ліу і ў мэтах самазахавання) і на самы верх яны не траплялі, хаця выключэньі здараліся. Я б сказаў, што пасада начальніка абласнога сельбуда, якую да 1996 года займаў Пракаповіч, была для такіх людзей “паталком” (не перакладаю гэты савецкі наменклатурны тэрмін на беларускую). У ВС-12 такіх людзей сярод “пракамуністычнай большасьці” было няшмат – тут спрацоўвала тая ж фільтрацыя. Максымум, пра што зь імі можна было дамовіцца – гэта ў саўмінаўскай сталоўцы, што ён перадасьць табе гарчыцу. 

Тое, што такога чалавека зрабілі старшынём Нацбанку, а цяпер і “прэзыдэнцкім дарадцам”, сьведчыць пра поўнае кадравае абмяленьне і дэградацыю адміністрацыі. Ну, а наданьне яму званьня Героя Беларусі… Сумная дэвальвацыя званьня – бо першы, хто атрымаў яго, атрымаў пасьмяротна, лётчык, які адвёў падаючы самалёт ад вёскі – сапраўды Герой.

Напісаць каментар 149

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках