27 лiстапада 2024, Серада, 7:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta.ru: «Газпрам» шантажуе Украіну Беларуссю

61
Gazeta.ru: «Газпрам» шантажуе Украіну Беларуссю

Транзіт расейскага газу праз Украіну будзе скарачацца за кошт павелічэння беларускага транзіту.

Такім чынам Масква спрабуе схіліць Кіеў да падпісання новага газавага пагаднення на расейскіх умовах.

«Газпрам» мае намер развіваць беларускія газавыя сеткі і нарошчваць пастаўкі ў Еўропу праз Беларусь. Гэта элемент ціску на Кіеў, кажуць эксперты: менавіта за кошт украінскага транзіту будзе нарошчвацца беларускі. Такім чынам Масква спрабуе схіліць Кіеў да падпісання новага газавага пагаднення на расейскіх умовах, піша «Газета.Ru».

«Газпрам» зацікаўлены ў развіцці газатранспартнай сістэмы Беларусі і нарошчванні аб'ёмаў паставак расейскага газу ў Еўропу праз тэрыторыю рэспублікі, заявіў кіраўнік расейскай газавай манаполіі Аляксей Мілер у ходзе нарады з кіраўніцтвам «Белтрансгаза» у чацвер. «Калі мы гаворым пра развіццё газатранспартнай сістэмы Беларусі, мы будзем адштурхоўвацца ад аб'ёмаў спажывання газу ў рэспубліке. Мы будзем старацца задаволіць у поўным аб'ёме ўсе патрэбы ўнутры рэспублікі, забяспечыць усе катэгорыі спажыўцоў», - падкрэсліў Мілер. Што датычыцца павелічэння транзіту, то «Газпрам» будзе «адштурхоўвацца ад магчымых сцэнарыяў».

Расейская кампанія валодае 100% «Белтрансгаза»: 50% былі набыты «Газпрамам» некалькімі пакетамі на працягу 2007-2010 гадоў, яшчэ 50% манаполія атрымала ў канцы 2011 года. Усяго за 100% «Белтрансгаза» «Газпрам» заплаціў $5 млрд. «Газпрам» як стратэгічны інвестар накіраваны на маштабнае, усебаковае развіццё беларускай газатранспартнай сістэмы», - адзначыў Мілер.

Цяпер транзіт праз беларускую тэрыторыю хоць і нязначна, але скарачаецца, кажа кіраўнік East European Gas Analysis Міхаіл Карчомкін. Па дадзеных германскага газатранспартнага аператара GASCADE, за першае паўгоддзе 2012 года пастаўкі расейскага газу па газаправодзе Ямал - Еўропа (ідзе з Расеі ў Германію праз Беларусь і Польшчу) знізіліся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года на 1 млрд кубаметраў. Агульная магутнасць газаправода складае 33 млрд кубоў у год.

Сукупная магутнасць расейскіх газаправодаў, якія ідуць у Еўропу (з улікам пакуль яшчэ не пабудаванага «Паўднёвага патоку»), ужо перавышае мінімальныя пастаўкі ў ЕЗ - 177 млрд кубаметраў супраць 158 млрд, кажа Карчомкін.

Апошнюю лічбу «Газпрам» публікаваў у сваім праспекце аблігацый ў 2010 годзе, менавіта такі мінімальны аб'ём паставак запланаваны на 2020-2025 гады. І гэта яшчэ без уліку магутнасцяў украінскай ГТС, праз якую штогод транспартуецца 115-120 млрд кубоў расейскага газу. Такім чынам, нарошчванне паставак праз Беларусь проста не трэба, адзначае эксперт.

У «Газпрам экспарце» адмовіліся каментаваць, навошта можа спатрэбіцца нарошчванне беларускага транзіту. Але крыніца, блізкая да «Газпраму», лічыць, што гэта звязана менавіта з Украінай.

«Відавочна, пастаўкі праз Беларусь будуць павялічаны за кошт скарачэння ўкраінскага транзіту», - кажа суразмоўца «Газеты.Ru».

Гэта элемент ціску на Кіеў, лічаць эксперты. Расейска-ўкраінскія перамовы па газе працягваюцца ўжо больш за два гады: Украіна патрабуе перагляду кантрактаў, якія называе «кабальнымі». Апошні раунд перамоў адбыўся ў сераду, але да гэтага часу ніякіх вынікаў яны не прынеслі. Раней Расея неаднаразова давала зразумець, што хоча атрымаць наўзамен зніжэння коштаў. Гэта альбо ўступленне Украіны ў Мытны саюз, альбо продаж украінскай ГТС «Газпраму», так званы беларускі варыянт.

Скарачаючы транзіт праз Украіну за кошт Беларусі, Масква хоча падштурхнуць Кіеў да падпісання новага газавага пагаднення на расейскіх умовах, кажа дырэктар па развіцці бізнэсу ў краінах СНД Argus Media Вячаслаў Мішчанка.

«Асноўны прыбытак «Нафтагазу Украіны» прыносіць транзіт (у 2012 годзе «Газпрам» выплаціў за транзіт авансам $2 млрд), - тлумачыць Мішчанка. - Мабыць, пакуль не ўведзены ў дзеянне «Паўднёвы паток» (магутнасць - 63 млрд кубаметраў газу ў год) , на які павінна перайсці вялікая частка ўкраінскага транзіту, Расея паступова пазбаўляе Украіну транзітных даходаў, выкарыстоўваючы Беларусь».

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках