27 лiстапада 2024, Серада, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: Пагрозы шведам - гэта істэрыя спецслужбаў

13
Алег Волчак: Пагрозы шведам - гэта істэрыя спецслужбаў

Праваабаронца лічыць, што шведскіх турыстаў у Беларусі не будуць пераследваць.

Былы следчы пракуратуры і праваабаронца Алег Волчак пракаментаваў сайту charter97.org ананімныя пагрозы спэцслужбаў Беларусі шведскім грамадзянам.

«Я думаю, што гэта нагнятаецца псіхалагічнае напружанне. Наўрад ці простыя беларусы стануць пагражаць шведам. Я не лічу, што замежнікам нешта рэальна пагражае, гэта проста істэрыя з боку ўлады», - распавёў праваабаронца.

«Я не думаю, што ў Беларусі будуць вылоўліваць шведскіх грамадзян. Гэта ўладзе цяпер не выгадна, каб да нас прыязджалі замежныя актывісты, дзеячы ў сферы праў чалавека. Але шведы, наколькі я ведаю, займаюцца ў Беларусі культурнымі і аздараўленчымі праграмамі, у тым ліку па Чарнобылю. Тут наогул нельга чыніць ніякіх перашкод. Так могуць наогул зачыніцца праекты замежнікаў у Беларусі», - лічыць былы следчы пракуратуры.

Нагадаем, сёння шведская амбасада атрымала ананімныя пагрозы ў адрас усіх шведаў у Беларусі. Яшчэ раней правакатары з нікому невядомай арганізацыі «Вольны Тур» дэманстратыўна спалілі шведскі сцяг і знялі гэта на відэа. На электронную пошту арганізатараў «мядзведжага бамбавання» увесь час прыходзяць ананімныя лісты з пагрозамі ім і іх сем'ям.

Як паведамляў сайт charter97.org, 4 ліпеня беларускую мяжу незаўважна для СПА перасёк лёгкаматорны шведскі самалёт. Над Івянцом і ўскраінамі Менска з яго былі скінутыя плюшавыя мядзведзі з плакатамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Улады Беларусі не прызнавалі факту палёта да 26 ліпеня, заяўляючы, што «вядзецца праверка». Тым часам былі затрыманыя фатограф Антон Сурапін, які апублікаваў у інтэрнэце фота плюшавых мядзведзяў, знойдзеных пад Івянцом, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, які ў Менску здаваў шведам кватэру. Маладым людзям прад'явілі абвінавачванні ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы. Ім пагражае да 7 гадоў турмы.

Лукашэнка таксама зняў з пасад старшыню Дзяржпамежкамітэта генерал-маёра Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскамі СПА Узброеных Сіл генерал-маёра Зміцера Пахмелкіна. Амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан быў высланы з краіны, а беларуская амбасада ў Швецыі - адклікана.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках