27 лiстапада 2024, Серада, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парфянкоў папрасіўся ў турму ў Глыбокае да Дашкевіча

5
Парфянкоў папрасіўся ў турму ў Глыбокае да Дашкевіча

Палітвязень Васіль Парфянкоў напісаў заяву, каб адбываць пакаранне ў Глыбокім (Віцебская вобласць).

9 жніўня міліцыя забрала Парфянкова, каб ён пачаў адбываць прызначанае судом пакаранне.

«Некалькі дзён ён будзе знаходзіцца ў Менску - гэта можа быць турма на Акрэсціна, ці ізалятар на вуліцы Валадарскага. Пасля яго павінны этапаваць. Ёсць некалькі варыянтаў, дзе ён можа адбываць пакаранне: Ваўкавыск, Глыбокае, Жодзіна. Я ведаю, што ён пісаў заяву, каб адбываць пакаранне ў Глыбокім. Куды яго накіруюць, стане вядома на днях», - паведаміла «Радыё Свабода» Наста Лойка, прадстаўнік праваабарончага цэнтра «Вясна».

Папраўчая ўстанова № 13 у Глыбокім мае сярод зняволеных рэпутацыю самой закрытай калоніі ў Беларусі. У адрозненне ад іншых беларускіх калоній, дзе зняволеныя могуць больш-менш свабодна перамяшчацца па зоне, прагулкі глыбоцкіх асуджаных абмежаваныя двума гадзінамі ў дзень.

У верасні 2011 года ў Глыбоцкую калонію з Горацкай перавялі палітвязня, лідэра «Маладога фронту» Зміцера Дашкевіча. За непадпарадкаванне адміністрацыі яго перыядычна кідаюць пад так званы «дах» - у СІЗА ці ПКТ.

24 ліпеня Менскі гарадскі суд не задаволіў касацыйную скаргу Парфянкова на прысуд аб арышце на 6 месяцаў за невыкананне правіл прэвентыўнага нагляду, устаноўленага судом.

29 траўня Васіль Парфянкоў быў асуджаны па артыкуле 421 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь суддзёй Першамайскага раёна Менска Сяргеем Бандарэнкай. Прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год, у парушэнні якога прызнаны вінаватым былы палітвязень, быў устаноўлены за ім з 5 студзеня 2012 года. Падставай для гэтага стаў удзел Парфянкова ў грамадска-палітычным жыцці пасля таго, як ён у ліку іншых вязняў Плошчы-2010, быў вызвалены ў жніўні 2011 года ў адпаведнасці з указам Лукашэнкі аб памілаванні.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках