27 лiстапада 2024, Серада, 17:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Насты Палажанкі знялі судзімасць

21
З Насты Палажанкі знялі судзімасць

Намесніка старшыні «Маладога Фронту» Насту Палажанку знялі з міліцэйскага ўліку.

Пра гэта дзяўчына даведалася, пабываўшы ў Першамайскім РУУС Менска.

«Азнаёмілася з тым, што знялі мяне з уліку па прычыне... пагашэння судзімасці. Ці як гэта называецца? Умоўны тэрмін скончаны! А лічуся я асуджанай ці не - якая розніца ў гэтай краіне?»- напісала Наста Палажанка ў «Фэйсбуку».

Як раней паведамляў сайт charter97.org, пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года Наста Палажанка была арыштаваная. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыццяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ у 3 гадзіны ночы. Яе абвінавацілі ў «арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках». 17 лютага ўвечары Наста Палажанка была вызваленая пад падпіску аб нявыездзе. 8 сакавіка стала першай беларускай, узнагароджанай Міжнароднай жаночай прэміяй за мужнасць, якую ўручала дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан. 30 сакавіка абвінавачванне было перафармулявана на ч.1 арт.342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх).

20 траўня суддзя Фрунзенскага райсуда Менска Жанна Жукоўская агучыла прысуд, Насты Палажанке - 1 год умоўна. Таксама яна прысудзіла Уладзіміра Някляева да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады, а Сяргея Вазняка, Аляксандра Фядуту, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Дзмітрыева - па 2 гады ўмоўна. Да ўмоўных тэрмінаў таксама былі прысуджаныя Ірына Халіп і шэраг іншых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў.

Нагадаем, усяго за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў больш за 40 чалавек былі асуджаныя да абмежавання або пазбаўлення волі, беспрэцэдэнтна вялікія турэмныя тэрміны атрымалі кандыдаты ў прэзідэнты і актывісты іх каманд - ад 2 да 6 гадоў.

Пад уплывам санкцый з боку Захаду і ў сувязі з катастрафічным станам беларускай эканомікі дыктатар Лукашэнка быў вымушаны вызваліць некаторых палітвязняў. У красавіку 2012 года на свабоду выйшлі былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, якія правялі за кратамі амаль паўтара года.

У турмах працягваюць заставацца кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі і яшчэ 10 актывістаў апазіцыі. Шэраг людзей працягваюць адбываць умоўныя тэрміны.

Міжнародная супольнасць і праваабарончыя арганізацыі патрабуюць вызвалення беларускіх вязняў сумлення. Еўрапейскі Звяз і ЗША ўвялі візавыя і эканамічныя санкцыі супраць памагатых дыктатара - чыноўнікаў і бізнесменаў, замяшаных у правядзенні рэпрэсій і фінансавай падтрымцы рэжыму, для таго, каб дамагчыся выхаду на волю апошніх палітвязняў.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках