27 лiстапада 2024, Серада, 20:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Новікава: «На судзе былі толькі я і канваір»

41
Таццяна Новікава: «На судзе былі толькі я і канваір»

Актывістка антыядзернага руху Таццяна Новікава пасля выхаду з турмы дала інтэрв'ю charter97.org.

- Таццяна, перш за ўсё, як вы сябе адчуваеце? Першыя дні пасля арышту вы былі без лекаў.

- Пакуль адчуваю моцную слабасць. Збіраюся звяртацца да дактароў.

У мяне рак шчытападобнай залозы, мне трэба пастаянна прымаць адпаведныя лекі. Спачатку ў мяне канфіскавалі нават «эльтэраксін», які быў у мяне з сабой. Не аддавалі суткі. Але пасля суда канваір аддаў таблеткі. Але мне больш былі патрэбныя іншыя лекі - «тамоксіфен». Іх змаглі перадаць мне толькі на трэція суткі...

- Як вас арыштавалі?

- Разам з расейскім фізікам-ядзершчыкам Андрэем Ажароўскім мы пайшлі ў амбасаду Расейскай Федэрацыі, каб перадаць зварот да прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева, у якім ўказалі на шэраг вельмі вялікіх праблем у праекце будаўніцтва АЭС у Беларусі. Паспелі прайсці ад дома літаральна некалькі крокаў, як нас спынілі людзі ў цывільным і заявілі, што мы нібыта падобныя на небяспечных злачынцаў, якія здзяйсняюць у гэтым раёне кватэрныя крадзяжы.

Нас прывезлі ў РУУС Маскоўскага раёна, дзе спачатку «ўстанаўлівалі» нашы асобы, а потым нам інкрымінавалі нецэнзурную лаянку. Я патрабавала выклікаць адваката, але яго не выклікалі ні ў РУУС, ні на так званы суд.

На судзе не было нават сведак. У працэсе, акрамя суддзі, удзельнічалі толькі я і канваір. Далі 5 сутак.

- Вам стала дрэнна ў судзе?

- Так, я сябе адчувала вельмі дрэнна і ў РУУС, куды мяне зноў прывезлі пасля суду, мне выклікалі «хуткую». Дактары вымералі ціск. Потым спыталі ў канваіраў: «Вы хочаце, каб мы яе забралі ў бальніцу?». Канваір адвёў іх у бок. Дактары вярнуліся і сказалі мне «Да пабачэння!».

- Якія былі ўмовы ў турме?

- У чымсьці ўмовы былі лепш, чым у астатніх. Я сядзела ў камеры № 1. Самае большае са мной сядзелі пяць чалавек. У тым ліку дзяўчаты з «Маладога Фронту», якія вельмі дапамагалі і падтрымлівалі мяне. Цяжка было першыя тры дня спаць без спальніка, на голых дошках.

Я адмовілася ад ежы, бо балела печань. Ела толькі хлеб, піла ваду і сокі, што мне перадалі.

Абыходжанне было нармальным, хаця асобныя канваіры ставіліся «з прыхільнасцю». Адзін, напрыклад, ладзіў ператрус, калі ўжо надзеў цывільную вопратку, пасля заканчэння змены. Вырываў у Касі Галіцкай старонкі з нататніка - яна пісала лісты сябрам...

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках