Сяргея Каваленку пасадзілі ў адзіночную камеру
15- 9.05.2012, 11:10
Сяргей Каваленка знаходзіцца ў адзіночнай камеры віцебскага следчага ізалятара № 2.
Пра гэта паведаміла БелаПАН ягоная жонка Алена Каваленка.
«Сяргея даставілі з Менска ўначы з 7 на 8 мая. Сёння з ім сустракаўся адвакат. Самаадчуванне мужа не лепшае. Для яго гэта быў ужо чацвёрты этап - фактычна здзек для саслабленага галадоўкай чалавека. 10 мая паспрабую прабіцца да яго сама», - сказала Алена Каваленка.
У гэтым СІЗА актывіст знаходзіўся першыя два месяцы зняволення, і таксама практычна ўвесь час у адзіночнай камеры, адзначыла жонка. «Мяне непакоіць, што яго этапавалі туды, дзе ён галадаў першыя два месяцы зняволення і дзе ў яго дачыненні да ажыццяўляліся правакацыі, у тым ліку здымаўся відэаролік, які закранае не толькі Сяргея, але і ягоных дзяцей. З гэтай нагоды была перададзеная заява ў пракуратуру», - паведаміла Каваленка.