27 лiстапада 2024, Серада, 3:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як склаліся лёсы беларускіх «снежаньцаў»

5
Як склаліся лёсы беларускіх «снежаньцаў»

Былыя палітвязні застаюцца пад наглядам міліцыі, і толькі некаторыя змаглі знайсці працу ў Беларусі.

Былому палітвязню Васілю Парфянкову прад'явілі абвінавачаньне ў новай крымінальнай справе. Алег Гнедчык і Сяргей Казакоў уладкаваліся на працу, але не кажуць, куды. Уладзімір Лобан і Яўген Сакрэт - за мяжой, паведамляе «Радыё Свабода».

2 мая былому палітвязню Васілю Парфянкову, за якім месяц таму быў усталяваны прэвентыўны нагляд, Першамайскае раённае ўпраўленне ўнутраных спраў Менска прад'явіла афіцыйнае абвінавачванне па чарговай крымінальнай справе за парушэнне рэжыму:

«Мяне сёння азнаёмілі афіцыйна з чарговай крымінальнай справай і прад'явілі абвінавачванне. Мне свеціць альбо паўгады арышту, альбо год калоніі. Хутка будзе прызначаны суд, і ён будзе прызначаць тэрмін».

Яшчэ адзін былы палітвязень, якому таксама быў прызначаны прэвентыўны нагляд, Уладзімір Яроменак, адбывае зараз адміністрацыйны арышт тэрмінам 7 сутак на Акрэсціна. Нагляд застаецца і за Паўлам Вінаградавым, які два дні таму выйшаў на волю.

Адзінкам з былых палітвязняў атрымалася ўладкавацца на працу на радзіме. Паўгады таму пасля адседкі Сяргея Казакова звольнілі з прадпрыемства «Гародніна-імпарт», і ён доўга не мог знайсці працу:

«Цяпер знайшоў сабе новую працу, працую святлатэхнікам. Напэўна, не буду казаць, дзе, таму што мне, шчыра кажучы, з гэтымі сталымі стратамі працы ўжо не хочацца свяціцца. Там, праўда, заробак - 90 даляраў у эквіваленце, але праца ў мяне ёсць, і гэта радуе. Працягваю займацца музыкай. Міліцыя па-ранейшаму напружвае. Прыходзяць дамоў раніцай перад кожнымі буйнымі акцыямі, часта тэлефануе участковы, запрашае зайсці на прафілактычныя гутаркі».

Знайшоў працу і Алег Гнедчык. Але таксама не кажа, дзе:

«Уладкаваўся на працу, усе больш-менш нармальна. Зрэдку прыходзяць міліцыянты або выклікаюць да сябе. На працы ўсё нармальна. Але там нібыта ніхто не ведае аб маім мінулым, а сам я таксама не кажу, што адседзеў».

Але далёка не ўсім шанціць ўладкавацца ў Беларусі. Некаторыя з'ехалі за мяжу - у Расею, ва Украіну, Польшчу. За мяжой Уладзімір Лобан, Алег Федаркевіч, Яўген Сакрэт.

Праўда, не ўсе хочуць распавядаць, дзе і як ўладкаваліся. Яўген Сакрэт не хавае, дзе ён:

«Жыву зараз у Польшчы. Мне трэба было з'ехаць. Я знайшоў аднаго гаспадара, які мае аграсядзібу, прымае турыстаў. А я працую ягоным памочнікам».

У Польшчы, у горадзе Лодзь на падрыхтоўчым аддзяленні эканамічнага універсітэта па праграме Каліноўскага навучаюцца Фёдар Мірзаянаў і Ілля Васілевіч. Маці Іллі Тамара распавяла:

«Яны вывучаюць пакуль польскую мову. Але не толькі мову, яшчэ і матэматыку, гісторыю, геаграфію, навуковыя тэрміны. Авалодаюць мовай, а потым будуць вучыцца далей. Ілля кажа, што навучаюцца паспяхова. Распавёў, што быў сход, з шасцідзесяці «каліноўцаў» толькі да чацвярох няма прэтэнзій, з якіх двое - Фёдар і Ілля. Іллі мовы лёгка даюцца, Фёдару, думаю, таксама».

Гісторык-архівіст Зміцер Дрозд пасля вызвалення падрыхтаваў і выпусціў другое выданне сваёй навуковай працы:

«Мая кніга завецца «Землеўласнікі Менскай губерні 1861-1900». Вельмі добра прадаецца, людзі купляюць, дзякуюць з Аўстраліі, з Германіі, з Ізраіля, даслаў і ў Канаду. Вельмі патрэбнай апынулася праца, мне як аўтару вельмі прыемна. Зараз ужо пачаў над другім томам працаваць».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках