27 лiстапада 2024, Серада, 12:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыянты збілі актывіста да страсення мозгу і кантузіі

80
Міліцыянты збілі актывіста да страсення мозгу і кантузіі

А сёння яго яшчэ і асудзілі.

11 мая ў судзе Цэнтральнага раёна Менска працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць грамадзкага актывіста Ігара Трухановіча.

Суддзя аштрафавала яго на 10 базавых велічыняў - 1 мільён рублёў, перадае «Радыё Свабода».

Ігара разам з іншымі гледачамі затрымалі на канцэрце ў падтрымку ініцыятывы «Ежа замест бомб», які праходзіў у Доме культуры трактарнага завода 24 сакавіка. Міліцыянты моцна збілі Ігара і абвінівацілі яго ў дробным хуліганстве. Разгляд справы пачаўся яшчэ 11 красавіка і некалькі разоў пераносіўся.

Пасля затрымання 24 сакавік Трухановіча шпіталявалі ў лякарню хуткай дапамогі, дзе яму быў пастаўлены дыягназ: закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені цяжкасці і страсенне мозгу.

«Уварваліся амапаўцы, і адзін з іх рукой у металічнай пальчатцы ўдарыў у вока, і ў выніку я яшчэ стукнуўся патыліцай. Ніякіх тлумачэнняў не давалі, чаму мы затрыманыя. Проста вывелі, закінулі ў аўтобус і павезлі ў Цэнтральнае РУУС, дзе мы стаялі з рукамі на галаве на працягу прыкладна дзвюх гадзін. Потым завялі ў будынак РУУС, дзе запатрабавалі тлумачэнняў па нейкай незразумелай справе. Супрацоўнікі міліцыі пачалі мяне збіваць, паставілі на калені, білі галавой аб сцяну», - распавёў актывіст.

Ігар распавядае, што пад фізічным ціскам пагадзіўся падпісаць пратакол. Актывіст кажа, што на пытанне, чаму не ўсе ягоныя рэчы былі ўнесеныя ў пратакол ператрусу, міліцыянт падскочыў і даў яму па галаве.

«У гэты ж момант да яго падбеглі яшчэ двое супрацоўнікаў міліцыі і пачалі мяне збіваць калектыўна. У далейшым пры складанні пратаколу, калі я задаваў пытанне, міліцыянт Голуб біў мяне па твары далонню і казаў - маўляў, яшчэ атрымаеш, дададуць. Мяне адвезлі на Акрэсціна. У мяне пагоршыўся стан здароўя, бо мяне ўдарылі ў доме культуры, была разбітае брыво, балела галава. Мяне ванітавала ў будынку РАУС, аднак там мне не хацелі аказваць медыцынскую дапамогу», - кажа Трухановіч.

Хуткую дапамогу хлопцу выклікалі толькі ў турме на Акрэсціна. Лекары сказалі, што Ігара трэба шпіталяваць. Міліцыянты даставілі хлопца зноў у аддзяленне, а адтуль у лякарню:

«У лякарні мне паставілі дыягназ «закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені, страсенне галаўнога мозгу, кантузія першай ступені». Да гэтага ў мяне яшчэ выявілі кроў у мачы, што сведчыць пра праблемы з ныркамі ў выніку збіцця супрацоўнікамі міліцыі. Таксама ў мяне было некалькі гематом на целе ад дубінак, ад ног і кулакоў, што было зафіксавана ў медыцынскай картцы».

Ігар Трухановіч знаходзіўся ў шпіталі трое сутак, а потым працягнуў лекаванне ў стацыянары - усяго тры з паловай тыдні. Пасля чаго пачаўся разгляд адміністратыўнай справы. Сёння ў судзе дапыталі міліцыянтаў, якія сцвярджалі, што Ігар ў пастарунку нібыта груба парушаў грамадскі парадак - размахваў рукамі, лаяўся. У судзе выявіліся супярэчнасці ў паказаннях. Міліцыянты казалі, што яны нібыта нікога не білі. Адвакат Ігара Трухановіча заявіў, што віна ягонага падабароннага не даказаная і суд павінен вынесці пастанову аб спыненні справы.

24 сакавіка міліцыя затрымала больш за 100 гледачоў канцэрту ў падтрымку ініцыятывы «Ежа замест бомб». Многія былі збітыя. Большасць адпусцілі без складання пратаколаў пасля тлумачэнняў, узяцця адбіткаў пальцаў, фота- і відэаздымак.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках