Назарбаеў прыедзе на дзень пазней
12- 11.05.2012, 10:11
Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў наведае Беларусь з афіцыйным візітам 13-14 мая.
Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, прэзідэнт Казахстана прыбудзе ў Менск у нядзелю ўвечары.
Раней афіцыйны прадстаўнік МЗС Казахстана Алтай Абілулаеў заяўляў, што ў ходзе перамоваў у Менску будуць абмеркаваны «стан і перспектывы казахстанска-беларускага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і культурна-гуманітарных абласцях. Таксама плануецца правесці абмен думкамі па шырокім спектры праблем міжнароднага парадку дня» , - праінфармаваў ён.
Па словах прадстаўніка МЗС, «асаблівая ўвага будзе нададзеная практычным крокам па ўмацаванні ўзаемадзеяння паміж Казахстанам і Беларуссю ў межах прамысловага, сельскагаспадарчага, навукова-тэхнічнага, транспартнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама эфектыўнаму выкананню плана сумесных мерапрыемстваў на 2012-2013 гады ў межах рэалізацыі «дарожнай карты», праграмы эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі на 2009-2016 гады».
Нараўне з гэтым прэзідэнты Казахстана і Беларусі разгледзяць пытанні супрацоўніцтва ў рамках рэгіянальных, інтэграцыйных аб'яднанняў СНД, ЕўрАзЭС, Мытнага саюза, АЭП і АДКБ.
Па выніках сустрэчы плануецца прыняцце сумеснай заявы кіраўнікоў дзяржаў, а таксама падпісанне шэрагу міжурадавых пагадненняў.
Раней паведамлялася, што Назарбаеў прыедзе ў Менск 12 мая.