27 лiстапада 2024, Серада, 12:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выкладчык ВДУ: «Каваленка - пакутнік і герой»

24
Выкладчык ВДУ: «Каваленка - пакутнік і герой»

Так учынак палітвязня ацэньвае выкладчык Віцебскага універсітэта Сяргей Міхайлаў, які быў перакладчыкам на працэсе Каваленкі.

«Гэта адназначна, чалавек адстойвае свае ідэалы, якія падтрымлівае і значная частка насельніцтва. Але ў такой форме адстойваць свае правы можа не кожны. Я, можа, і не лічу, што кожны так павінен адстойваць, але для мяне гэта гераічны ўчынак. Тое ж самае было на вайне: не кожны павінен ісці на таран, закрываць дзот сваім целам. Гэта выбар лепшых людзей Айчыны. Таму для мяне гэта адназначна гераічны ўчынак, нейкая спроба абудзіць масу, адстаяць святыя нацыянальныя сімвалы», - сказаў выкладчык.

Тое, што ўлады пачалі прымусова ў псіхіятрычным аддзяленні выводзіць Сяргея Каваленка з галадоўкі, Сяргей Міхайлаў параўнаў з аналагічным паводзінамі савецкага рэжыму:

«Калі немагчыма зламаць дух чалавека, немагчыма засудзіць - значыць, робяць вар'ятам, быццам ён робіць нешта несур'ёзнае. Магчыма, спачатку яны не ўспрымалі гэта сур'ёзна, думалі, што ўсё пройдзе, але калі апынулася, што ён ідзе да канца, быў перыяд, што яны ў прынцыпе не ведалі, што рабіць. А каб ён не ўспрымаўся як пакутнік за нацыянальныя ідэалы, была зробленая спроба паказаць ягоныя нібыта неадэкватныя паводзіны, таму і змясцілі яго ў гэтае аддзяленне».

Міхайлаў кажа, што стаўленне да Сяргея Каваленкі ў Віцебску неадназначнае. На беларускай кафедры універсітэта, дзе працуе Сяргей Міхайлаў, добра разумеюць сітуацыю, кажа ён, на іншых кафедра шмат хто не ведае, іншыя ставяцца абыякава:

«Пытаюць, а дзеля чаго ён галадае, а навошта ён сам сябе даводзіць да такой сітуацыі. Тады неяк тлумачыш, што справа не ў ежы, а ў тым, што ён адстойвае свае правы. Тады некаторыя разумеюць, некаторыя не жадаюць разумець. Але салідарнасці з Каваленкам у Віцебску насамрэч не хапае».

Сябра КХП-БНФ Сяргей Каваленка быў асуджаны на 2 гады і адзін месяц за парушэнне ўмоваў адбыцця «хатняй хіміі», якую атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Пратэстуючы супраць пераследу, зняволены абвясціў галадоўку, якую з перапынкам у 20 дзён праводзіць з сярэдзіны снежня.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках