Сяргея Каваленку этапавалі ў «Навінкі»
14- 11.04.2012, 13:23
(абноўлена) Палітзняволены Сяргей Каваленка дастаўлены ў «Навінкі».
Гэта пацвердзілі ў аддзяленні Дзяржаўнай службы судова-медыцынскай экспертызы, якое знаходзіцца на тэрыторыі Рэспубліканскага цэнтра псіхічнага здароўя ў Навінках, перадае «Радыё Свабода».
Пра гэта паведаміла жонка вязня Алена Каваленка са спасылкай на лекараў аддзялення. Калі туды прывезлі Сяргея Каваленку і ў якім ён стане, жонцы зняволенага не сказалі.
10 красавіка Віцебскі абласны суд пастанавіў накіраваць Сяргея Каваленку ў Рэспубліканскую псіхіятрычную лякарню ў Навінках для комплекснага абследавання. Сваякі Сяргея Каваленкі не выключаюць, што яго ўжо накіравалі ў шпіталь, але ўпэўненасці няма.
Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і 1 месяц за парушэнне ўмоў адбывання «хатняй хіміі», якую атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.
З 19 снежня 2011 года Сяргей Каваленка галадае ў знак пратэсту супраць прысуду. У галадоўцы быў 20-дзённы перапынак, з 8 лютага галадоўка працягвалася бесперапынна да пачатку красавіка.