Азараў: Забарона на ўвоз малака і мяса з Беларусі з'яўляецца часовай
3- 5.03.2012, 10:34
Забарона на ўвоз малочнай і мясной прадукцыі з Беларусі з'яўляецца часовай, заявіў у суботу на брыфінгу прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў.
«Заўсёды рашэнне, якое прымае адзін з бакоў, сустракае рэакцыю іншага боку. Ніколі не бывае аднабаковых рашэнняў. Мы нашым беларускім калегам матывавалі нашае рашэнне. У нас ёсць падазрэнне, цалкам абгрунтаванае, і мы гэтае падазрэнне павінныя праверыць. Гаворка ідзе аб часовых мерах, толькі аб часовых», - падкрэсліў Азараў.
Ён выказаў меркаванне, што як толькі ўсе сумневы ў якасці беларускай малочнай і мясной прадукцыі будуць «альбо развеяныя, альбо пацверджаныя», гэтыя меры будуць перагледжаныя.
«Таму не трэба рабіць нейкую сенсацыю. Гэта звычайны працэс, калі кожны з бакоў думае аб неабходнасці абараняць сваіх людзей ад магчымасці пранікнення якіх-небудзь захворванняў на тэрыторыю краіны. Лепш перастрахавацца, чым недастрахавацца», - падкрэсліў прэм'ер-міністр, паведамляе УНІАН.
Дзяржветфітаслужба Украіны з 1 сакавіка 2012 года часова прыпыніла ўвоз на тэрыторыю Украіны малака і малочных прадуктаў з Беларусі, а таксама жывёл, адчувальных да АЧС, прадукцыі і сыравіны з іх.