27 лiстапада 2024, Серада, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка гатовы прадаць усё

278
Лукашэнка гатовы прадаць усё

(абноўлена) Любое прадпрыемства можа быць прыватызаванае, пытанне ў кошце, заявіў беларускі кіраўнік.

Пра гэта ён заявіў на нарадзе па пытаннях прыватызацыі, перадае карэспандэнт БелТА.

«Любое прадпрыемства можа быць прыватызаванае. Любое, без выключэння», - сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка паспрабаваў супакоіць беларусаў, падкрэсліўшы, што абвальнай прыватызацыі ў краіне не будзе. «Калі гэта трэба дзяржаве, яна будзе насіць кропкавы характар», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі не будуць прыватызаваць дзяржаўную ўласнасць ва ўгоду Еўразвязу ці Расеі, таксама заявіў ён.

«Калі вы хочаце спадабацца Міжнароднаму валютнаму фонду, Еўрапейскаму звязу, Амерыцы, Расеі ці яшчэ камусьці, абвясціўшы сёння, што мы прадаем нешта, то тады - не са мной і не пры мне», - адзначыў А.Лукашэнка.

«Падабацца тым ці іншым дзяржавам і аб'яднанням - гэта добра, гэта трэба. Але не такім коштам», - сказаў ён.

А.Лукашэнка падкрэсліў, што «не тая праблема і не тое пытанне, каб прыватызаваць краіну, каб камусьці спадабацца».

Кіраўнік таксама сёння агучыў новую ацэнку кошту вытворцы калійных угнаенняў. Па ягоных словах, Беларуськалій, які каштаваў яшчэ нядаўна 30 млрд. даляраў, сёння каштуе «больш за $30 млрд.». «Дакапіталізацыяй» прадпрыемства верагодна праведзеная з улікам дэвальвацыі даляра.

«Паколькі ідзе інфляцыя, то з 1 ліпеня 30 мільярдаў даляраў мы будзем індэксаваць. Гэта значыць, кошт з 1 ліпеня «Беларуськалія» можа быць не 30 мільярдаў, а 30 мільярдаў 10 мільёнаў. Гэта значыць увесь час кошт будзе індэксавацца», - заявіў Лукашэнка ўлетку мінулага года.

«Мы - не супраць прыватызацыі, нават такога стратэгічнага прадпрыемства, як Беларуськалій, які прыносіць дзяржаве ў лепшыя гады да $3 млрд прыбытку. Але мы вызначылі кошт, сёння ён складае больш чым $30 млрд», - заявіў ён.

Варта адзначыць, што Беларуськалій прыносіць у лепшыя гады да $3-х млрд валютнай выручкі, а не прыбытку.

«Нас народ за гэта папракнуў? Не. Мы яго (Беларуськалій) прадалі? Не. Таму што мы паставілі нармальны кошт, з якім пагадзіліся многія міжнародныя фінансавыя інстытуты», - у чарговы раз заявіў Лукашэнка.

«Тыя, хто хацеў прыватызаваць наш Беларуськалій, яны гатовыя плаціць толькі $15 млрд. Я ім сказаў: да пабачэння, сыходзіце», - паўтарыўся беларускі кіраўнік.

Кіраўнік таксама цалкам сур'ёзна агучыў, што сябры ўрада на сваіх прыбытках могуць дазволіць сабе толькі тысячу цаглін.

«Можа, хтосьці за гэтым сталом хоча паўдзельнічаць у прыватызацыі? Калі ласка - выходзьце са складу ўрада, даставайце з кішэняў грошы і купляйце прадпрыемства на агульных падставах. Калі ў вас ёсць такія грошы, - сказаў Лукашэнка. - Але па маёй інфармацыі, напэўна, на тысячу цаглін або дзесяць кубоў сілікатных блокаў, можа, у вас грошы і ёсць, а на астатняе - не ведаю».

Гаворачы пра наступствы прыватызацыі, Лукашэнка выказаў насцярожанасць інфармацыяй, якая паступіла да яго ад губернатараў. «Сёння трэба мне браць сякеру і высякаць гэтыя працэсы. Калі нашыя прадпрыемствы нібыта і нядрэнна працавалі пасля прыватызацыі, а сёння сталі аб'ектамі махінацый. Хто за гэта потым будзе адказваць?», - заявіў ён.

Кіраўнік таксама даручыў прапрацаваць пытанне аб стварэнні прывабных умоў для капіталу ў Беларусі.

«Трэба адысці ўжо ад гэтых патрабаванняў, калі мы кантралявалі ўсё і ўсіх. Сёння ў банк няма чаго хадзіць. Няма чаго капацца ў рахунках людзей, якія там трымаюць грошы, — адзначыў Лукашэнка. — Сістэму трэба ствараць. Трэба народу адкрыта сказаць: багаты чалавек — гэта не вораг. Ёсць багатыя людзі — добра, няхай яны будуць, але гэтых багатых людзей зарыентаваць на тое, каб грошы яны захоўвалі тут, асабліва заробленыя тут».

«Нельга адбіраць грошы ў бізнесменаў і прадпрымальнікаў. Прычына толькі адна — калі ты не плаціш падаткі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што ў Беларусі не будуць выдаваць інфармацыю аб рахунках сваіх кліентаў, як гэта зрабілі некаторыя краіны.

Напісаць каментар 278

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках