Пачаліся затрыманні апазіцыянераў перад Днём Волі
26- 23.03.2012, 9:29
Учора былі затрыманыя маладафронтаўцы Раман Пратасевіч, Мікалай Дземідзенка і актывісты РПСС Анастасія Шулейка і Міхаіл Костка.
Увечары 22 сакавіка актывісты «Маладога Фронту» прыйшлі да турмы на Акрэсціна, каб сустрэць сваіх паплечнікаў, якія павінныя былі выйсці пасля 15 сутак арышту. Аднак высветлілася, што адміністрацыя турмы схлусіла наконт даты выхаду маладафронтаўцаў, і каля турмы сілавікі ў цывільным зладзілі на маладых людзей аблаву.
Быў затрыманы Раман Пратасевіч, праз некаторы час на сувязь спыніў выходзіць і Мікалай Дземідзенка, стала вядома, што яго таксама затрымалі. У Маскоўскім РУУС маладафронтаўцы ўбачылі затрыманых раней актывістаў «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі». Іх затрымалі за бел-чырвона-белы сцяг угандлёвым цэнтры «Сталіца», паведамляе прэс-служба «Маладога Фронту».
Частку затрыманых маладых людзей адпусцілі. Пад вартай засталіся Мікалай Дземідзенка, Анастасія Шулейка, Міхаіл Котка.
Нагадаем, учора на 6 сутак арышту быў асуджаны актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Мікіта Каваленка.