27 лiстапада 2024, Серада, 18:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На «Еўрабачанне-2012» паедзе ўсё ж такі Litesound?

96
На «Еўрабачанне-2012» паедзе ўсё ж такі Litesound?

Сёння раніцай сацсеткі «выбухнулі» паведамленнямі аб тым, што вынікі «Еўрафэсту» перагледжаныя па даручэнні Лукашэнкі.

Па выніках перагляду, у Алены Ланской забралі ўзнагароду і на «Еўрабачанне-2012» паедзе ўсё ж такі Litesound.

Аднак пакуль афіцыйныя крыніцы пацвярджаюць толькі тое, што яны «таксама чулі такое», піша tut.by.

Народны артыст Беларусі, адзін з сябраў журы «Еўрафэсту» Аляксандр Ціхановіч, «пакуль не ў курсе» і «нічога не чуў».

Прадзюсар «Еўрафэста» Зміцер Баранаў таксама пакуль нічога канкрэтнага сказаць не можа: «Зараз усё на ўзроўні чутак. Хадзілі чуткі пра тое, што створаная камісія - не створаная, пераглядаюцца вынікі - не пераглядаюцца. Мы спадзяемся ў бліжэйшы час атрымаць нейкую пэўную інфармацыю. Ператэлефануйце мне пасля абеду».

Удзельнік гурта Litesound Зміцер Каракін распавёў, што знаходзіцца ў напружаным чаканні нейкага «тэлефанавання»: «Мы таксама пра гэта чулі. Па чутках, павінен быць сход сёння ў Аляксандра Лукашэнкі, аднак афіцыйныя асобы пакуль нічога не каментавалі. Чакаем, кажуць, нас сёння паклічуць».

Сама Алена Ланская, якая скандальна перамагла на адборачным конкурсе «Еўрафэст», заявіла: «Я дам інтэрв'ю аднаму выданню - «Камсамольскай праўдзе», можа сёння, а можа заўтра».

Паводле інфармацыі калегаў, у выданні «Камсамольская праўда ў Беларусі» сёння насамрэч пройдзе прэс-канферэнцыя па сітуацыі вакол пераможцы «Еўрафэст».

Выканаўчы прадзюсар праекту «Еўрафэст» Анастасія Ціхановіч сказала нам, што «чула пра гэта прыкладна на такім жа ўзроўні, як і вы» і выказала надзею, што «хутка ўсё гэта скончыцца, і можна будзе нарэшце прыступаць да паўнавартаснай падрыхтоўкі ўдзельнікаў «Еўрабачання», хто б гэта ні быў. Час-та ідзе».

У прэс-службе «Белтэлерадыёкампаніі» нічога не каментуюць і раяць «патэлефанаваць пазней».

У Мінкульце таксама пакуль пра гэта нічога не чулі, паведаміла прэс-сакратар Ганна Смольская, а ў прэс-службе Лукашэнкі прапанавалі патэлефанаваць пазней.

Напісаць каментар 96

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках