27 лiстапада 2024, Серада, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Яроменак: За год я правёў у турме тры месяцы

3
Уладзімір Яроменак: За год я правёў у турме тры месяцы

Маладафронтавец выйшаў на свабоду пасля чарговага адміністрацыйнага арышту.

Перад 7 лістапада, які да гэтага часу лічыцца ў Беларусі святам, актывіст «Маладога фронту» Уладзімір Яроменак разам з сябрамі пайшлі на плошчу Незалежнасці ў Менску, каб абліць помнік Леніна валяр'янкай. Актывісты спадзяваліся, што на характэрны пах прыбягуць каты і пакажуць, што гэта на самой справе за «свята». У той самы момант, калі актывісты ўжо аблівалі помнік, іх заўважылі супрацоўнікі службы аховы. Уладзімір Яроменак стаў уцякаць, але няўдала зачапіўся за клумбу, упаў і яго злавілі. Пра гэта сайту charter97.org распавёў сам актывіст:

«Ахоўнікі выклікалі міліцэйскі патруль, які даставіў мяне ў Фрунзенскае РУУС. Там на мяне склалі пратакол за «нецэнзурную лаянку». У судзе супраць мяне даваў лжывыя сведчанні сумна вядомы падпалкоўнік Бягуноў. Ён не затрымліваў мяне, але сцвярджаў, што я лаяўся».

Па словах Уладзіміра Яроменка, суддзя адхіліла ўсе яго хадайніцтвы:

«Я нармальны, здаровы малады чалавек. На працягу 2012 года я рэгулярна трапляю пад адміністрацыйны арышт за «дробнае хуліганства». Калі ў чалавека ўсё добра з галавой - ён хоць бы на трэці раз зразумее, што матам лепш не сварыцца і больш не будзе затрыманняў. Я хадайнічаў аб тым, каб мяне накіравалі на псіхалагічную экспертызу. Калі б напісалі, што не ўсё ў парадку з галавой - мяне нельга было б судзіць. А калі б прызналі здаровым - як здаровы чалавек можа ўвесь час лаяцца матам і трапляць на арышты? Але суддзя адхіліла маё хадайніцтва і дала мне 15 сутак арышту».

Калі актывіста даставілі на Акрэсціна, усім яго сукамернікам выдалі пасцельную бялізну, якой да гэтага ў іх не было. Уладзімір Яроменак лічыць, што гэта было зроблена для таго, каб ён не пісаў скаргі:

«Цяпер цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) перанеслі са старога корпуса ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ). У параўнанні з ЦІПам умовы там значна лепш. Нармальны туалет, ёсць гарачая вада, у камеры дастаткова цёпла. У цябе ёсць асобны ложак, выдаюць коўдру, матрац, падушку і пасцельную бялізну. Цікава, што калі мяне толькі прывезлі ў камеру, ні ў каго не было пасцельнай бялізны. І ў гэты дзень усім сукамернікам яе прынеслі. Зразумелі, што калі б пасцельнай бялізны не было, я б пісаў скаргі. Але застаецца праблема з асвятленнем - чытаць можна, але вочы вельмі стамляюцца».

Маладафронтавец ужо страціў лік, колькі ён правёў пад адміністрацыйным арыштам:

«Калі ты тры разы ў год трапляеш «на суткі» - яшчэ прасачыць колькасць дзён пад арыштам можна. А калі ты выйшаў з кватэры - патрапіў на суткі, схадзіў на дазволены мітынг - паехаў на суткі і так увесь час, то губляеш лік. За гэты год я адседзеў прыкладна тры месяцы, але дакладнай лічбы не назаву».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках