Валерый Костка: Будуць хаваць, мала якія там акалічнасці
8- 1.11.2012, 17:35
У КДБ не пацвярджаюць інфармацыю аб тым, што быў застрэлены ці застрэліўся палкоўнік, які працаваў у цэнтральным апараце КДБ.
Паведамленні аб гэтым інцыдэнце з'явіліся ў незалежных СМІ.
Паводле інфармацыі сайта charter97.org, быў застрэлены палкоўнік, які працаваў у цэнтральным апараце КДБ і адказваў за эканамічны напрамак. Афіцыйна гэтая інфармацыя не пацвярджаецца. Начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязей КДБ Аляксандр Антановіч заявіў «Радыё Свабода»:
«Можаце прывесці мае словы. На жаль, больш нічога не скажу з гэтай нагоды - гэта чарговы ілжывы правакацыйны ўкід. І рэагаваць на кожны з іх і каментаваць мы не маем намеру».
Па словах рэдактара сайта charter97.org Наталлі Радзінай, падрабязнасці адносна палкоўніка КДБ працягваюць паступаць з крыніц, якія яна пакуль не раскрывае:
«Паступае інфармацыя ад абсалютна розных крыніц, што было самагубства ці забойства ў КДБ, менавіта сярод высокапастаўленых супрацоўнікаў. Па апошняй інфармацыі, гэта палкоўнік Казак, гэта эканамічны напрамак, адвядзенне зямель на продаж і іншыя эканамічныя справы. Па апошняй інфармацыі, быў забіты ў сваёй хаце, каля Менска».
У тым, што афіцыйна КДБ аспрэчвае гэтую інфармацыю, Наталля Радзіна не бачыць нічога дзіўнага:
«Гэта натуральна, КДБ - закрытая структура, якая працуе па савецкіх лякалах. Я гэта магу сказаць, як чалавек, які быў у турме КДБ. І натуральна, што такая інфармацыя заўсёды будзе зачыненая. Але тое, што гэтая інфармацыя паступае не толькі сайту charter97.org, але і тэлеканалу «Белсат», і крыніцы розныя, наколькі я разумею, і ў прынцыпе яны даюць падобную інфармацыю, - кажа пра тое, што няма дыму без агню».
Наталля Радзіна сказала, што крыніцы інфармацыі яна раскрыць не можа:
«У дыктатарскай краіне такую інфармацыю могуць паведамляць толькі ананімныя крыніцы, так як гэтыя людзі хочуць жыць. Я ўжо не кажу пра тое, каб захаваць працу».
Не змог пацвердзіць гэтую інфармацыю і былы ваенны выведнік, падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валерый Костка. Але ён дапускае, што афіцыйна падобную інфармацыю могуць не раскрываць:
«Ну, так будуць хаваць, мала якія там акалічнасці. Ніхто ж не ведае, самі зразумейце. Але ў мяне прынцып такі: калі нешта звязана са смерцю, то я гэта імкнуся не каментаваць, так як у адных гэта радасць выклікае - вось генерал КДБ застрэліўся. Але ў яго ёсць сваякі, а для іх жа гэта трагедыя».
На Маскоўскіх могілках у Менску сказалі, што ў апошні час там не хавалі палкоўніка ці генерала з прозвішчам Казак. У канцы верасня там пахавалі генерал-маёра Вячаслава Яўстаф'ева.