27 лiстапада 2024, Серада, 22:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянціна Свяцкая: На мой участак прыйшло 29% выбаршчыкаў

16
Валянціна Свяцкая: На мой участак прыйшло 29% выбаршчыкаў

У «выбары» ніхто не верыць, таму выбаршчыкі не прыйшлі.

Аб гэтым сайту charter97.org сказала палітык Валянціна Свяцкая.

- Валянціна, вам як назіральніку чым была адметная прамінулая «выбарчая» кампанія?  

- Напярэдадні «выбарчай» кампаніі мы збіраліся са сваімі калегамі і абмяркоўвалі, якім чынам яна будзе адбывацца. З досведу мінулых кампаній мы паспрабавалі вылічыць, на якім этапе будзе  фальсіфікацыя – ці то на этапе папярэдняга галасавання, ці то ў дзень асноўнага галасавання. Мы меркавалі, што ў сувязі з разгорнутай кампаніяй байкоту «выбараў» хутчэй за ўсё «выбары» не адбудуцца, і на нейкім этапе бюлетэні для галасавання будуць проста нахабна ўкінутыя ў скрыні. 23-га верасня ва ўсіх маіх калегаў па Менску назіралася тая самая карціна, што і ў мяне: ужо скончыўся час галасавання, а 50% плюс адзін выбаршчык так і не прыйшоў. Зразумела, што «выбары» ў Менску не адбыліся. На маім участку проста быў складзены пратакол, як і патрабавала вышэйшая акруговая камісія, ці хтосьці, хто аддаваў загад. На мой участак прыйшло 29% выбаршчыкаў. Быў і так званы «падлік»: бюлетэні расклалі па стосах, потым старшыня камісіі прапанавала сябрам камісіі адысці ў бок, сама села побач з сакратаром, і яны пачалі складаць пратакол. Пасля старшыня камісіі загадала падыйсці кожнаму сябру камісіі паасобку і паставіць свой подпіс.

- Што думаеце пра кампанію байкоту?  

- Дзякуючы ўладам і цэнтральнай выбарчай камісіі ў нас «выбары» здэвальваваныя як палітычнае мерапрыемства. У «выбары» ніхто не верыць, таму выбаршчыкі не прыйшлі.  Адзінае, што зараз цікава выбарцам - гэта выбары прэзідэнта. Што да так званых «парламенцкіх выбараў»… Тое, як гэтая кампанія адбывалася, я маю на ўвазе  інфармацыйны, агітацыйны, прапагандысцкі складнікі - гэта ўсё зроблена дакладна наадварот. Самі ўлады зладзілі байкот. Ярмошынай, ведаючы, якое да яе стаўленне, не трэба было выступаць з нейкімі палітычнымі заявамі, з нейкімі палітычнымі характарыстыкамі апазіцыйных лідэраў. Яна мусіла займацца арганізацыяй гэтых «выбараў». Працу трэба было весці і сачыць за тым, каб Выбарчы кодэкс выконваўся. А яна чагосьці выходзіла на экраны тэлебачання, інтэрвію давала. Асабліва цікавае інтэрвію, якое яна дала «Комсомольской правде», дзе  яна сказала, што наш выбаршчык люмпэнізаваны. Пачытаўшы такое інтэрв’ю, зразумела, што выбаршчык, які паважае сябе, да скрыні не пойдзе. Як гэта магчыма, апрыёры так абражаць людзей!  

- У вас шмат знаёмых, якія ўдзельнічалі ў назіранні. Ці былі нейкія шакавальныя факты фальсіфікацый?  

- Адная мая калега з Заводскага раёна распавядала, што быццам на месцы жыхарства прагаласавала каля 300 чалавек. Калі нават на ўчастак прыйдзе столькі людзей, то гэта будзе чарга, пры тым, што там сядзіць пэўная колькасць сябраў камісій. А ўяўляеце сабе скрыню, з якой ідуць два сябры камісіі і абыходзяць амаль што 300 выбаршчыкаў?! Гэта проста фізічна немагчыма! І калі мне нехта скажа, што гэта магчыма, то ён хлусіць. Таму хлусня павінна быць «смачнай», каб яе можна было праглынуць. А хлусню пра 300 выбаршчыкаў не праглынеш. Вось тыя адсоткі, якія Ярмошына абвесціла  - гэта была «смачная» хлусня. На некаторых участках было 50,3%, 51,2%  - гэта ўжо больш падобна да праўды. Зразумела, што ў Менску і буйных гарадах «выбары» не адбыліся.  Таму яшчэ раз хачу падкрэсліць: гэта не апазіцыя вінаватая. Гэта ўлады зрабілі ўсё магчымае і  немагчымае, каб «выбары» адбыліся так, як яны адбыліся. І няхай яны самі сабе пасыплюць галовы попелам.Такога я яшчэ ніколі не бачыла, перажыўшы ўжо колькі «выбарчых» кампаній. Тыя інфармацыйныя стэнды, якія былі размешчаныя па акругах - гэта проста здзек з выбараў, пародыя на іх. Выбаршчык, які паважае сябе, прыйшоўшы і паглядзеўшы на так званыя інфармацыйныя стэнды, рабіў сам выбар: ён проста не ішоў на гэтыя «выбары».  

- Дык што рабіць далей?  

- Усё залежыць ад выбаршчыкаў. Калі яны напраўду сябе паважаюць як выбаршчыкі, калі ў іх ёсць і гонар і годнасць, яны зробяць свой выбар. І яны маюць магчымасць за свой выбар пастаяць, як гэта адбываецца ў некаторых краінах. Выбаршчыкі прыходзяць у дзень выбараў (ніхто ні на якія датэрміновыя галасаванні не ходзіць), робяць свой выбар і стаяць ля выбарчых пунктаў да таго часу, пакуль камісія не падлічыць усе галасы і не абвесціць публічна вынікі галасавання, якія ўносяцца ў пратакол. А выбаршчыкі стаяць і чакаюць. І хай бы паспрабавалі гэтыя сябры камісіі нейкім чынам дзесьці ціхенька сысці…

- Вы, напэўна, маеце на ўвазе парламенцкія выбары ў Грузіі, адкуль надоечы вярнуліся?

- Я шмат дзе назірала за выбарамі... Днямі мела магчымасць быць назіральнікам у Грузіі ў складзе міжнароднай місіі. Там выбаршчык можа галасаваць толькі ў дзень выбараў і на ўчастку, дзе ён зарэгістраваны. З'ехаў ты ў службовую выправу - калі ласка, ніякіх адмацавальных талонаў няма. Скрыні празрыстыя, зробленыя ўсе цэнтралізавана. У кожнай камісіі па дзве скрыні: адная для галасавання на выбарчым участку, другая, маленькая, празрыстая - для галасавання на месцы жыхарства. Усе скрыні апячатваюцца. Усе пратаколы, якія павінныя быць запоўнены па сканчэнні выбараў - з вадзянымі знакамі, яны робяцца ў ЦВК і маюць скразную нумарацыю, г.зн. што пратакол ужо не падробіш. Ніякая гэта не паперка з невядома якімі лічбамі. Там усё проста зроблена: пратакол у выглядзе табліцы, унось адпаведныя выбарам лічбы і рахуй, каб яны супадалі з тымі лічбамі, якія павінны быць на адпаведным участку. Там, дзе я назірала, усё сыходзілася рыхт у рыхт. Самая дзіўная рэч для нас у тым, што паводле выбарчага заканадаўства Грузіі ў кожную выбарчую камісію павінны ўваходзіць тры прадстаўнікі ад апазіцыйных блокаў ці партый, тры прадстаўнікі ад праўладных і шэсць чалавек, прызначаных ЦВК (яны лічацца незалежнымі). Але ў кожнай выбарчай камісіі ёсць прадстаўнікі апазіцыі, тры чалавекі як мінімум. Гэта паводле закону. Калі пачынаецца падлік бюлетэняў пасля сканчэння выбараў, спачатку лічацца галасы з пераноснай скрыні. Потым высыпаюцца бюлетэні з асноўнай скрыні, і ідзе падлік. Сябры камісіі цягнуць жэрабя: тры чалавекі сядаюць і пачнаюць адкрываць тыя канверты, якія кідалі выбарцы ў скрыню са складзенымі туды бюлетэнямі. У канверце знаходзіцца два бюлетэні. Першы, што сядзіць пасярэдзіне, адкрывае канверты і раздае двум, якія поруч сядзяць. А тыя абвяшчаюць, што ў бюлетэнях. За іх спінамі стаяць яшчэ два сябры камісіі, якія спраўджваюць, ці тое было абвешчана. Там у склад парламента  ўваходзіць 150 чалавек: 77 чалавек абіраюцца прапарцыйна і 73 мажарытарна.

Што да паўнамоцтваў назіральнікаў, то я не ўяўляю, што было б, калі назіральнікам, як нам у Беларусі, сказалі б: «Сядзіце ў куце і не падыходзьце да стала!» Назіральнікі мелі магчымасць падыходзіць, глядзець, колькі бюлетэняў выдаюць на рукі. Яны стаялі за спінамі сяброў камісій, сачылі, ці не зайшоў хто іншы ў кабіны разам з выбаршчыкамі. Яны вольна перасоўваліся па памяшканні, іх ніхто не стрымліваў. Калі ўжо яны занадта паспрабавалі запанаваць над сябрамі камісіі, я нават не стрымалася, зрабіла ім заўвагу: «Прабачце, шаноўныя - гэта  ўжо не вашыя паўнамоцтвы!» Яны прыслухаліся да мяне, адразу сцішыліся, бо аж занадта актыўна яны там сябе паводзілі.  

- Ці ладзіліся нейкія махлярствы?

- Кажуць, што ездзіў мікрааўтобус з людзьмі, якіх бачылі на некалькіх участках, але назіральнікі таксама адзін аднаму перадаюць інфармацыю. Таму частка назіральнікаў выйшла на вуліцу і пільнавала гэты мікробус. Мне найбольш спадабалася тое, што на падыходзе да выбарчага пункта быў вывешаны  спіс выбаршчыкаў. Не трэба гэтую таямніцу ў кагосьці выдзіраць і запытвацца. У нас  жа паспрабуй у старшыні даведайся, колькі выбаршчыкаў зарэгістравана. А там - калі ласка, вісіць спіс, ідэнтычны спісу ў сябраў камісіі. Ідзі, знаёмся, глядзі, сачы.  

- Ці меў магчымасць назіральнік спраўдзіць дакументы выбарца адпаведна спісу?

- Канешне. Больш за тое, назіральнік меў права папрасіць выбарца пасля таго, як ён выйдзе з кабіны, паказаць, колькі ў яго бюлетэняў. І выбаршчык павінен быў прадэманстраваць.  

- Як грузіны рэагавалі на тое, што перамагла апазіцыя? І як рэагавала ўлада?

- Калі мы прыехалі ў Тбілісі, нам стала вядомая такая сумная інфармацыя, што за часы кіравання Міхаіла Саакашвілі ў Грузіі падчас мітынгаў, дэманстрацый, акцый пратэсту загінула каля сотні чалавек. А тут яшчэ заказныя забойствы, скандал з турэмнымі катаваннямі. Таму ў грамадстве панавала пэўнае напружанне. Нас папярэджвалі, што пасля выбараў могуць быць сутыкненні паміж апазіцыяй і ўладай.  Больш за ўсё баяліся, што зноўку буде ўжытая сіла і будзе  разгон. Першым адбыўся праўладны мітынг у падтрымку блока Саакашвілі. Людзі ішлі туды самі і звозіліся аўтобусамі. Што цікава, прыехаў падтрымаць Саакашвілі былы кіраўнік урада Венгрыі.  Я толькі падумала, вось зараз бы да нас у Беларусь замежнік прыехаў і ладзіў бы, напрыклад, за мяне нейкую агітацыйную кампанію. І што б тады са мной было? На  стадыёне сабралася дзесьці каля 50 тысяч. Я упэўнена, што там напраўду былі прыхільнікі блока Саакашвілі. А праз дзень адбыўся мітынг апазіцыі, і на вуліцу выйшла, паводле падлікаў паліцыі, блізка што паўмільёна грамадзян (гэта для паўтарамільённага Тбілісі!). Галоўная вуліца ад плошчы Руставелі да плошчы Свабоды - гэта ўсё было людское мора. Я ледзь-ледзь прайшла праз яго да будынка офіса і далей назірала за ўсімі падзеямі ўжо праз вокны. Дык вось, мітынг павінен быў пачацца а 16-й, але рух на праспекце перакрылі ўжо дзесьці з 10-ці  гадзін раніцы.  Ніякіх затрыманняў і разгонаў, я не заўважыла ніводнага паліцыянта. Мітынг прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні.  

- Як вы думаеце, чаму, нягледзячы на забойствы мітынгоўцаў, людзі ўсё адно не баяцца выходзіць на плошчу?

- У Грузіі людзі жывуць значна горш за беларусаў. Там людзей нават забіваюць, але там людзі. Яшчэ раз падкрэсліваю людзi. Грузіны жывуць дзеля  сваёй краіны, нягледзячы на тое, што шмат грузінаў працуюць па-за межамі краіны; але грошы, якія яны зарабляюць, усё адно прыходзяць у Грузію. І для іх смешным падаецца, што ў нас вісіць білборд «Мы беларусы». Яны кажуць: «Вам што, яшчэ самасцвярджэнне трэба? Вы што, яшчэ не верыце, што вы беларусы?» Для іх гэта дзіўна, каб яны павесілі аграмадныя білборды і на іх было напісана: «Мы грузіны». Там у людзей ёсць гонар і годнасць... Яны прыйшлі і прагаласавалі, яны не пагадзіліся з тым жыццём, якое дагэтуль было, пры тым, што Саакашвілі шмат чаго і карыснага зрабіў. Як нам  казалі, сёння ў кожнай сям'і ведаюць, хто такі Іванашвілі, нават тыя ведаюць, хто галасаваў за блок Саакашвілі. Хачу падкрэсліць, на тым выбарчым ўчастаку, дзе я назірала (гэта на мяжы з Абхазіяй), там перамог блок Саакашвілі.

Больш за тое, я з павагай стала ставіцца і да спадара Саакашвілі. Я не апраўдваю больш за 100 палітычна матываваных забойстваў падчас ягонага кіравання краінай. Але я мяркую, што ён зрабіў мудра і прыстойна, убачыўшы, што перамог ягоны апанент. Яшчэ ішоў падлік бюлетэняў, а прзідент Саакашвілі ўжо выступіў на дзяржаўным тэлеканале і абвесціў, што паводле звестак апытанняў на выхадзе перамагла апазіцыя. Ён выказаў спадзеў на тое, што ў абедзьвюх старон будзе досыць мужнасці і мудрасці, каб знайсці агульныя каштоўнасці дзеля супрацоўніцтва на карысць будучыні Грузіі і грузінскага народа. Уяўляеце сабе? Прызнаць перамогу апанентаў да абвяшчэння афіцыйных вынікаў!

- Ці маеце надзею, што ў Беларусі адбудзецца нешта падобнае?

- Не, на тое трэба быць мудрым палітыкам. І яшчэ раз кажу, што стаўленне да Саакашвілі ў мяне вельмі скептычнае пасля таго, як ён пасябраваў з Лукашэнкам. Але я зусім інакш паглядзела на яго пасля выбараў у Грузіі. Кроў не пралілася, ніякіх заклікаў да рэваншу, каб хапаліся за зброю і ўтрымлівалі ўладу. Мне здаецца, што хто б ні прыйшоў у Грузіі да ўлады, яны будуць працаваць на росквіт Грузіі і дзеля грузінскага народу.  

- Дык ці выйдуць калі-небудзь беларусы?  

- Не будзе гэтага ў нас да таго часу, пакуль беларусы не зразумеюць, што яны напраўду беларусы! Без усялякіх напамінаў на білбордах! Для гэтага трэба мець мужнасць, гонар і годнасць. Усім. І не спадзявацца толькі на апазіцыю, каб яна там нешта рабіла і адстойвала чыесьці парушаныя правы і інтарэсы, і ныць, што яна, апазіцыя, у чарговы раз зрабіла нешта не тое. Зараз перамагла апазіцыя ў Грузіі, і я мяркую, што яны перамаглі самі. Яны прыйшлі, прагаласавалі, дачакаліся абвяшчэння вынікаў; потым   суправаджалі старшынь участковых камісій да акруговых. Калі мы прыехалі ў акруговую камісію, мы ледзь там праціснуліся. Выбаршчыкі чакалі і там вынікаў. А нашы людзі ўвесь час толькі і кажуць: «Мы не быдла». Цудоўна, калі гэта сапраўды так, то яны павінны дамагчыся таго, каб імі не маніпулявалі і не рабілі з іх быдла. І потым не скагацець цішком у куточку: «Вы ж зразумейце мяне правільна, у мяне ж сям'я, дзеці». Ва ўсіх ёсць сем'і, ва ўсіх ёсць дзеці, і кожны з нас думае пра будучыню. Таксама як і я. І мне хочацца, каб наш заўтрашні дзень быў лепшы, чым сённяшні. Мне хочацца, каб людзі побач са мной таксама адчувалі сябе вольнымі людьмі – беларусамі!

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках