«Бі-2» таксама патрапілі ў «чорны спіс» музыкаў
31- 25.01.2012, 10:36
Пра гэта Лёва і Шура распавялі падчас свайго нядаўняга візіту ў Кіеў.
Як паведамляе сайт bagnet.org, праблемы ў музыкаў, чые тэксты далёкія ад палітычных гімнаў, пачаліся ўлетку 2011 года.
Падчас аднаго з выступаў, перад выкананнем песні «Феліні», якую «Бі-2» некалі запісалі сумесна з піцерскім гуртом «Сплін», Лёва сказаў: «Гэтую песню мы прысвячаем шматпакутнаму беларускаму народу!».
Ужо праз некалькі дзён адзін за адным пачалі адмяняцца канцэрты, запланаваныя гуртом у Беларусі. Арганізатары пад рознымі падставамі адмаўлялі артыстам у прадастаўленні канцэртных пляцовак, так што ад гастроляў па Беларусі давялося адмовіцца.
Музыкі «Бі-2» падчас візіту ў Кіеў адзначылі, што музыка, на іхнюю думку, павінная заставацца па-за палітыкай.
Нагадаем, у «чорным спісе» музыкаў у Беларусі знаходзяцца вядомыя гурты «Ляпіс Трубяцкой», Neuro Dubel, «Крамбамбуля», бард Зміцер Вайцюшкевіч і іншыя. Фігуранты спісу не могуць атрымаць канцэртную пляцоўку, выступіць на радыё ці тэлебачанні.