27 лiстапада 2024, Серада, 17:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ярмошына кажа пра ангажаванасць

109
Ярмошына кажа пра ангажаванасць

Візавыя санкцыі перашкаджаюць міжнароднай дзейнасці Цэнтрвыбаркама, заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

У інтэрв'ю БелаПАН яна паведаміла, што Цэнтрвыбаркам звяртаўся ў Еўразвяз з лістом, у якім пытаўся аб падставах пазбаўлення прадстаўнікоў ЦВК права на ўезд у Еўропу. У адказе, атрыманым з генеральнага сакратарыята Рады ЕЗ, гаворыцца: «Звесткі, выкладзеныя ў вашым лісце, не апраўдваюць зняцце абмежаванняў, мер ЕЗ супраць вас. Рада застаецца пры сваім меркаванні, што абмежавальныя меры супраць вас апраўданыя».

Ярмошына лічыць адказ «абсалютна фармальным». «Ніхто ў сутнасці скаргі не разбіраўся. Мы абскардзілі незаконнае рашэнне, якое абмежавала права выезду з краіны прадстаўнікоў ЦВК. Пры гэтым вінаватыя дзеянні або бяздзейнасць з боку Цэнтральнай камісіі нікім не ўсталяваныя», - адзначыла яна.

На думку Ярмошынай, увядзенне ЕЗ візавых абмежаванняў сведчыць аб тым, што арганізацыя з'яўляецца «палітычна заангажаванай». Само ж рашэнне яна лічыць «не заснаваным на рэальна ўсталяваных фактах і выніках назірання» за выбарамі ў Беларусі.

Ярмошына заявіла, што візавыя санкцыі негатыўна адбіваюцца на дзейнасці Цэнтрвыбаркама: «Мы на працягу апошніх двух гадоў не можам удзельнічаць у прафесійных канферэнцыях, паколькі яны праходзяць на тэрыторыі краін ЕЗ. Мы нават не змаглі прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 20-годдзю Асацыяцыі арганізатараў выбараў , якія праходзілі ў Будапешце».

Акрамя таго, прадстаўніка ЦВК не могуць назіраць за выбарамі, якія праходзяць у краінах Еўразвяза. Па словах Ярмошынай, «усе калегі былі вельмі здзіўленыя», калі даведаліся аб распаўсюджванні візавых санкцый на прадстаўнікоў Цэнтрвыбаркама.

Ярмошына паведаміла, што ў новым складзе ЦВК ёсць некалькі чалавек, на якіх не распаўсюджваюцца візавыя санкцыі. «Але мы не рызыкнем іх самастойна накіроўваць у назіральныя місіі, пакуль яны не з'ездзілі на назіранне з больш дасведчанымі таварышамі. Ім неабходна спачатку вывучыць алгарытмы дзеянняў на практыцы. Акрамя таго, шэраг мерапрыемстваў мяркуюць ўдзел у замежных мерапрыемствах менавіта старшыні або кіраўніцтва ЦВК», - сказала яна.

Напісаць каментар 109

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках