27 лiстапада 2024, Серада, 19:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ісці на псеўдавыбары ці ладзіць байкот?

67
Ісці на псеўдавыбары ці ладзіць байкот?

Байкот -- гэта фактычна рэферэндум аб недаверы Лукашэнку.

“Прагматыкі” і “радыкалы”

Дзіўная рэч! Яшчэ не выйшлі з турмы тыя, хто з-за псеўдавыбараў апынуўся за кратамі, а ўжо па-новаму падымаюць галаву тыя “палітыкі”, якія заяўляюць, што трэба абавязкова ўдзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў. Пры гэтым адкрыта заяўляюць: удзельнічаць, нягледзячы на тое, што ў турмах, магчыма, будуць заставацца палітвязні, і пры ўмове, што ніякага незалежнага кантролю за падлікам галасоў не будзе.

“Прагматыкі” з беларускіх апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый, з еўрапейскіх структур і некаторых незалежных СМІ паціху пачалі аднаўляць кампанію (якая была ўжо заціхла пасля 19 снежня 2010 года) пад лозунгам: “Не трэба рэвалюцый, нам трэба эвалюцыя!”. Яны заклікаюць дэмакратычную грамадскасць ісці на “дыялог з рэжымам” і быць у дачыненнях з ім “лаяльнымі, пазітыўнымі і канструктыўнымі”.

Ніякай уцямнай аргументацыі за ўдзел у псеўдавыбарах гэтыя гора-палітыкі так і не здолелі сфармуляваць, але ім у гэтым дапамагла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая ў інтэрв’ю «Еўрарадыё» заявіла: «Калі апазіцыя не пойдзе на выбары, заходнія спонсары пазбавяць яе фінансавання, і ні адна партыя, ні адзін рух не змогуць існаваць далей, таму што ў гэтым выпадку не будуць атрымліваць сродкі з-за мяжы на падтрымку дэмакратыі».

Таму не дзіўна, што сёння апазіцыйным партыям давярае яшчэ меншая колькасць беларусаў (13,4%), чым колькасць тых, хто лічыць сябе ў апазіцыі да рэжыму (22,6%). І нават менш, чым колькасць тых, хто на новых выбарах зноў гатовы прагаласаваць за Лукашэнку (21,7%), -- паводле сацыялагічнага апытання, праведзенага літоўскім сацыялагічным цэнтрам НІСЭПД у канцы мінулага года.

У той жа час тых беларусаў, якія хацелі б, каб адбыліся кардынальныя змены ва ўнутранай і знешняй палітыцы Беларусі, згодна з тым жа даследаваннем, налічваецца 57,7%.

Як змяніць рэжым дыктатуры?

На жаль, чароўнай палачкі, пры дапамозе якой можна дамагчыся гэтых кардынальных змен, няма. Каб Беларусь выйшла з крызісу, трэба, каб дыктатар сышоў. А дыктатар, я ўпэўнены, сыдзе толькі тады, калі людзі выкажуць свой пратэст адпаведным чынам.

Сёння людзі не гатовы выйсці на масавыя акцыі пратэсту, але, каб яны выйшлі заўтра, трэба ўжо сёння тлумачыць, што без іхніх намаганняў ні Захад, ні Расія, ні Лукашэнка па ўласнай ініцыятыве нічога на Беларусі не зменяць, пакуль самі людзі гэтага не запатрабуюць. Так, гэта цяжка, так, гэта небяспечна, але па-іншаму не будзе.

Сёння людзі самі там-сям пачынаюць пратэставаць -- страйкі “чаўнакоў” на памежных пераходах, акцыі кшталту “Стоп-бензін”, воплескі ў цэнтры гарадоў, стыхійныя страйкі і нават масавы зыход з афіцыйных прафсаюзаў на асобных прадпрыемствах.

Але ўсё адно трэба выходзіць на палітычныя пратэсты ў маштабах усёй краіны. І такім пратэстам, я лічу, можа стаць байкот выбараў новага складу Палаты прадстаўнікоў пад лозунгамі “Байкот выбарам -- байкот рэжыму!”, “Скажы Лукашэнку: “Не!”.

Агульнанацыянальная кампанія байкоту павінна стаць фактычным рэферэндумам аб недаверы Лукашэнку і першым крокам да адхілення яго ад улады.

Прыхільнікі ўдзелу ў выбарах на любых умовах заяўляюць, што байкот -- гэта пасіўнае адмаўленне ад працы з людзьмі, а вось яны ідуць на выбары, каб папулярызаваць свае партыйныя праграмы. Гэта няпраўда, гэта свядомая хлусня.

Байкот -- гэта актыўная інфармацыйная праца з грамадзянамі і арганізацыя масавага назірання на выбарчых участках.

Станоўчая праграма апазіцыі

Што б улады ні казалі пра так званыя народныя сходы, але яны мінулай восенню ў многіх месцах адбыліся. Праўда, аказаліся не такімі масавымі, як таго чакалі арганізатары, тым не менш аб іх правядзенні ведаў кожны трэці беларус. Станоўчае стаўленне было да тых рэзалюцый, якія прымаліся падчас правядзення сходаў.

Незалежныя сацыёлагі апыталі вялікую групу людзей. І высветлілася, што:

за спыненне росту цэн -- 83,7 працэнта апытаных,

за тое, каб індэксаваліся заробкі і пенсіі ў адпаведнасці з ростам цэн, -- 82,5%,

за прадастаўленне грамадзянам магчымасці свабодна купляць валюту і вяртаць крэдыты ў беларускіх рублях -- 67,6%,

за стымуляцыю гаспадарчай ініцыятывы і прадастаўленне магчымасці прадпрымальнікам ствараць новыя рабочыя месцы -- 62,8%,

за адмену сістэмы кароткатэрміновых прымусовых кантрактаў -- 54,4%,

за правядзенне новых свабодных выбараў прэзідэнта і парламента -- 48,6%,

за вызваленне і поўнае аднаўленне ў грамадзянскіх правах усіх палітвязняў -- 41,6%.

Пры гэтым трэба ўлічваць, што неабходнасць рынкавых рэформ падтрымліваюць 67% рэспандэнтаў, а выбарнасць кіраўнікоў усіх узроўняў -- 72,8% грамадзян.

Менавіта гэтыя патрабаванні павінны стаць асновай той “станоўчай праграмы шырокай народнай апазіцыі”, з якой актывісты “байкоту” павінны ісці да людзей. Пры гэтым трэба тлумачыць, што сённяшнія ўлады не могуць і не хочуць выканаць гэтыя патрабаванні людзей, што толькі новая каманда прафесіяналаў здольная прывесці Беларусь да станоўчых змен.

Трэба даводзіць да людзей, што:

1.Вызваленне ўсіх палітвязняў і поўнае вяртанне ім усіх грамадзянскіх правоў, а таксама абранне новага прэзідэнта, новага парламента і кіраўнікоў усіх узроўняў на свабодных выбарах прывядзе да аднаўлення легітымнасці беларускай улады і вяртання да яе даверу з боку беларускіх грамадзян і замежных эканамічных партнёраў.

2.Адмена сістэмы прымусовых кароткатэрміновых кантрактаў, стымуляванне гаспадарчай ініцыятывы і прадастаўленне прадпрымальнікам магчымасці ствараць новыя рабочыя месцы створаць умовы для разняволення гаспадарчай ініцыятывы беларускіх грамадзян, для вяртання на Радзіму эканамічных эмігрантаў, палепшаць інвестыцыйныя клімат і імідж Беларусі.

3.Спынення росту цэн і індэксацыі рублёвых укладаў насельніцтва ў адпаведнасці з курсам беларускага рубля на 1 студзеня 2011 года можна дасягнуць тады, калі выканаць рэкамендацыі Міжнароднага валютнага фонду, правесці рынкавыя рэформы і шырокамаштабную прыватызацыю з удзелам фірм (у першую чаргу еўрапейскіх і амерыканскіх), якія могуць прынесці ў Беларусь перадавыя тэхналогіі.

4.Індэксаваць заробкі, пенсіі, стыпендыі і адрасную грашовую дапамогу ў адпаведнасці з ростам цэн з 1 студзеня 2011 года можна толькі пасля выканання ўсіх папярэдніх пунктаў, бо неабходна ў некалькі разоў павысіць прадукцыйнасць працы, каб мець магчымасць у некалькі разоў падняць заробкі, пенсіі і выдаткі на сацыяльную дапамогу.

“Прагматыкі” кажуць, што яны ідуць на выбары, бо “рэвалюцыя не ўдалася, a Лукашэнка, хоць і дыктатар, але бароніць беларускую незалежнасць ад Масквы і трэба супрацоўнічаць з ім у гэтым накірунку, каб адцягнуць Беларусь ад Расіі і прыцягнуць яе да Еўропы".

Але відавочна, што менавіта Лукашэнка стрымлівае развіццё беларускага грамадства і робіць Беларусь неканкурэнтаздольнай не толькі перад Еўропай, але ўжо і перад Расіяй. Лукашэнка апрыёры не здольны бараніць незалежнасць, бо ягоная сістэма ўлады на 100 працэнтаў залежыць ад датацый Крамля, які за апошнія гады канчаткова загнаў беларускія ўлады ў кут і прымушае плаціць па рахунках. Менавіта Лукашэнка ёсць галоўная пагроза незалежнасці Беларусі, а не яе абаронца. І чым хутчэй мы пазбавімся ад гэтай пагрозы, тым хутчэй пазбавімся шторанішняга пытання: “Ці ўжо прадалі нас Расіі альбо яшчэ не?”

Агітацыя

“Прагматыкі” кажуць, што яны пойдуць на выбары, бо “толькі статус кандыдата ў дэпутаты дае законныя правы на перадвыбарную агітацыю”.

Але паводле закона аб выбарах, “Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, палiтычным партыям, iншым грамадскім аб’яднанням… прадастаўляецца права… правядзення агiтацыi за або супраць кандыдата на сходах, мiтынгах, у сродках масавай iнфармацыi, а таксама ў час сустрэч з выбаршчыкамi… Агiтацыя (у тым лiку заклiкi да байкатавання выбараў) не дапускаецца толькі ў дзень галасавання”.

Спосабаў данясення інфармацыі сотні -- папулярызацыя незалежных СМІ, рассыланне SMS, вывешванне транспарантаў, правядзенне флэш-мобаў, пікетаў і мітынгаў. Нельга таксама забывацца на тыя магчымасці агітацыі, якія дае інтэрнэт, -- сайты, блогі, сацыяльныя сеткі. Заслугоўваюць вялізнай павагі людзі, якія самастойна раздрукоўваюць матэрыялы з інтэрнэту і распаўсюджваюць іх. Інфармацыя таксама можа даносіцца праз зносіны з сябрамі, сваякамі, калегамі па працы. Кожны наш прыхільнік зможа знайсці для сябе спосаб, які яму падыходзіць. І разгортваць гэтую працу трэба загадзя, а не за тыдзень-другі да галасавання.

Назіранне і кантроль

“Прагматыкі” кажуць, што яны ідуць на выбары, бо, “калі мы не пойдзем на выбары, уладам не будзе патрэбы нічога фальсіфікаваць і тады ўсе прызнаюць Палату легітымнай”.

Але справа ў тым, што дэмакратычна настроены электарат на псеўдавыбары ўсё роўна не пойдзе. Вось вытрымка з аналітычнай запіскі, падрыхтаванай навукоўцамі: “Трэба ўлічваць, што 55,1% рэспандэнтаў (77,6% сярод праціўнікаў улады) лічаць, што парламенцкія выбары не могуць змяніць сітуацыю ў краіне да лепшага. Сярод праціўнікаў улады сёння гатовы байкатаваць выбары кожны трэці, а астатнія яшчэ нічога не чулі пра байкот ці яшчэ не вызначыліся. Безумоўна, пры адзінай пазіцыі лідараў палітычных партый на байкот доля прыхільнікаў байкоту сярод праціўнікаў улады можа істотна павялічыцца”.

Неабходна правесці максімальна шырокую кампанію па мабілізацыі тысяч валанцёраў для назірання, бо фальсіфікацыю лічбаў яўкі можна выявіць і даказаць не толькі доступам да выбарчых бюлетэняў і падліку галасоў (што маларэальна), але і праз кантроль за лістамі рэгістрацыі выбаршчыкаў, і праз непасрэдны візуальны ўлік назіральнікам колькасці людзей, што прыйшлі на ўчасткі і атрымалі бюлетэнь у выбарчых камісіях.

Урэшце можна скарыстацца сістэмай рэпрэзентатыўнай выбаркі і пракантраляваць толькі частку ўчасткаў (напрыклад, Мінск -- 295 участкаў, абласныя гарады -- 262, вялікія гарады -- 299, малыя гарады -- 262, вёска -- 394, усяго -- 1511 участкаў), але і гэтага будзе дастаткова, каб сацыёлагі пацвердзілі вынікі назірання.

Час вызначацца

17 снежня з’езд па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” даручыў аргкамітэтут падрыхтаваць і правесці кампанію актыўнага байкоту “выбараў” на выпадак, калі ўлады не выканаюць патрабаванні неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, зарэгістраваць усе грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, замацаваць абавязковае права палітычных партый дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, замацаваць права назіральнікаў адсочваць падлік галасоў такім чынам, каб бачыць рэальнае волевыяўленне грамадзян па кожным бюлетэні.

21 снежня палітсавет Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыняў рашэнне рэкамендаваць з’езду АГП і «шасцёрцы» падтрымаць ідэю актыўнага байкоту.

Надышоў час усім дэмакратычным арганізацыям і іх лідарам, наогул усім аўтарытэтным людзям з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй публічна і максімальна ясна сфармуляваць сваю пазіцыю -- ідуць яны на псеўдавыбары ці прымаюць удзел у кампаніі байкоту.

Віктар Івашкевіч, «Народная воля»

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках