Кантроль «Газпрама» за рынкам ўнутраных коштаў небяспечны для Беларусі
27- 11.01.2012, 9:45
Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак лічыць, што беларуская эканоміка не зможа працаваць пры рынкавых коштах на газ.
Па ейных словах, для Беларусі небяспечны кантроль над унутраным рынкам коштаў, які атрымаў «Газпрам».
У інтэрв'ю Белсату Тацяна Манёнак нагадала, што ў чэрвені 2010 года, калі «Белтрансгаз» быў яшчэ беларускі, адбылася чарговая газавая вайна, у выніку якой экспарт для некаторых еўрапейскіх спажыўцоў расейскага газу прыпыніўся. «Газпрам» не хоча дапусціць паўтарэння такой сітуацыі.
Згодна з умовамі, якія сталі вядомыя толькі сёння, расейскі манапаліст можа ўсталёўваць любы кошт на газ для Беларусі, якая, у сваю чаргу, не будзе мець ніякіх рычагоў ўплыву.
«Беларуская эканоміка не можа працаваць пры рынкавых коштах на газ. Зараз Беларусь атрымала «інтэграцыйную зніжку», што будзе даволі значным бонусам. Беларускі бок дамагаўся максімальнага. Аднак трэба прыняць да ўвагі і рызыку. Кантроль над рынкам ўнутраных коштаў, які атрымаў «Газпрам», вельмі небяспечны для Беларусі. Нацэнка на адну тысячу кубаметраў будзе прывязаная да паказчыка інфляцыі, якая толькі ў 2011 годзе склала больш за 100%», - сказала Манёнак.