27 лiстапада 2024, Серада, 9:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вынік сустрэчы ў Сочы: дайце грошай

127
Вынік сустрэчы ў Сочы: дайце грошай

Расея і Беларусь асіметрычна падышлі да асвятлення сустрэчы Дзмітрыя Мядзведзева і Аляксандра Лукашэнкі, якая прайшла ўчора ў Сочы.

Прэс-служба Крамля паведаміла аб сустрэчы адным сказам: «Кіраўнікі дзяржаваў абмеркавалі розныя пытанні двухбаковых адносінаў, узаемадзеяння ў межах Мытнага саюза, а таксама абмяняліся думкамі па ключавых тэмах міжнароднага парадку дня», піша АФН.

У сваю чаргу прэс-служба Лукашэнкі, удакладніўшы, што Мядзведзеву давялося трываць беларускага «калегу» две з паловай гадзіны, вылілася паўстаронкавай пераможнай агіткай, што і зразумела - нарэшце-та спрацавала засада ў Сочы, закліканая даказаць усім ворагам незалежнай дзяржавы ў цэнтры Еўропе, што брацкую дружбу дзвюх краін проста так не разарваць, а сам Лукашэнка па-ранейшаму мае доступ да вышэйшага кіраўніцтва РФ для нефармальных размоваў.

Нават адзнака стану беларуска-расейскіх адносінаў, азмрочаная ў цяперашні час перыядам працяглага пахаладання, выкліканага сталым кручэннем (паміж Захадам і РФ) беларускай знешнепалітычнай хаткі на курыных ножках, была пададзеная беларускім бокам як ўзаемнае меркаванне двух суразмоўцаў.

«Лідэры дзвюх краін крытычна падышлі да адзнакі стану беларуска-расейскіх адносінаў і канстатавалі, што яны не адпавядаюць статусу стратэгічнага партнёрства. Былі названыя пэўныя праблемы, якія па ўзаемнай думцы павінныя быць знятыя ў бліжэйшай перспектыве. Прэзідэнты дамовіліся, што, пачынаючы з гэтай сустрэчы, яны распачнуць шэраг практычных крокаў па аднаўленні высокага ўзроўню партнёрства паміж дзвюма краінамі», - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.

Тыповы «copy&paste» з папярэдніх прэс-рэлізаў і не больш, паколькі на працягу апошніх як мінімум 5 гадоў, любая сустрэча А. Лукашэнкі з прэзідэнтам ці прэм'ерам РФ заканчвалася падобным пасыпаннем беларускай галавы попелам і абяцаннем ў бліжэйшы час парашаць усе праблемы. Гэта адзін з абавязковых атрыбутаў такіх сустрэч, без якога стойка на каленях з працягнутай рукой не будзе выглядаць праўдападобнай.

Яшчэ адной абавязковай умовай выбівання расейскай дапамогі з'яўляецца поўная і безумоўная прыхільнасць інтэграцыйным працэсам: «Лукашэнка асабліва адзначыў, што неабходна забяспечыць безумоўнае паўнавартаснае функцыянаванне Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расеі з 1 студзеня 2012 года». Пасля чаго адразу пайшло маленне аб дапамозе.

«Беларусь панесла сур'ёзныя выдаткі (чытай - дайце грошай і шмат), калі прыняла ўдзел у гэтым праекце, але ідэя АЭП была свядома падтрыманая, таму што вельмі важна стварыць роўныя ўмовы для прадпрыемстваў і грамадзянаў на гэтай прасторы (чытай - унутрырасейскія кошты на энерганосьбіты)», - прыводзіць прэс-служба словы Лукашэнкі.

Наколькі кароткімі выразамі і якімі жэстамі Мядзведзеў адрэагаваў на дадзеную просьбу пасля таго, як на мінулым тыдні афіцыйны Менск чыстасардэчным прызнаннем гендырэктара Беларуськалія адкінуў умовы 2-х мільярднага крэдыту Ашчадбанка, прэс-служба АРЛ не ўдакладніла. Але паспрабавала давесці мясцовай грамадскасці, што Мядзведзеў успрыняў працягнутую руку з разуменнем.

«Расейскі прэзідэнт выказаў прынцыповую згоду з пазіцыяй беларускага калегі», - гаворыцца ў паведамленні.

А інакш і быць не магло, бо, зноў жа са словаў Мядзведзева («кіраўнік расейскай дзяржавы асабліва падкрэсліў», «беларусы і расейцы - брацкія народы, звязаныя цеснымі вузамі, і ведаюць, што трэба зрабіць, каб не дапусціць разрыву брацкіх адносінаў».

А таму грошы нібыта будуць ужо ў верасні - як мінімум на будаўніцтва беларускай АЭС.

«Абмяркоўвалася будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Па выніках размовы дадзеныя даручэнні кіраўніку... «Расатама» Сяргею Кірыенку забяспечыць падпісанне ўсіх адпаведных пагадненняў па будаўніцтве і вылучэнні крэдытных рэсурсаў у верасні гэтага года аналагічна схеме і умовам, што прынятыя расейскім бокам пры будаўніцтве АЭС у Калінінградскай вобласці», - адзначаецца ў паведамленні, зноў ж без удакладнення аб тым, што фінансаванне пойдзе на рахункі расейскіх падрадчыкаў, а не ЗВР Нацбанка РБ.

Але гэта такая дробязь, якая не вартая ніякай увагі. Як і ўмовы магчымага правядзення ў лістападзе вышэйшага Дзяржсавета «Саюзнай дзяржавы».

«Лукашэнка і Мядзведзеў папярэдне дамовіліся правесці Вышэйшы Дзяржсавет саюзнай дзяржавы ў лістападзе гэтага года. Кіраўнікам прэзідэнцкіх адміністрацый даручаная канкрэтная прапрацоўка гэтага пытання»,-паведамляе беларускі бок.

Выбар лістапада тлумачыцца тым, што далей цягнуць не атрымаецца - у снежні Расея з галавой акунецца ў прэзідэнцкую выбарчую кампанію. У сувязі з гэтым у беларускіх уладаў ёсць максімум 2 месяцы на прыняцце рашэнняў, якія дадуць Лукашэнку яшчэ адну магчымасць выцыганіць у Мядзведзева чарговую дозу брацкай падтрымкі. Гэта значыць, у эканамічнай сферы прыйдзецца вызначыцца з лёсам Белтрансгаза, Беларуськалія і шэрагу іншых беларускіх актываў, падпісаць дамовы аб пастаўках газу і нафты на 2012 і, можа быць, наступныя гады на расейскіх, гэта значыць, рынкавых умовах. Што тычыцца палітычнай сферы, то хочаш-не-хочаш, прыйдзецца мірыцца з Захадам і ЗША, абвяшчаць чарговую адлігу на ўнутраным палітычным полі, і клятвенна запэўніць Расею ў тым, што ў перыяд тамтэйшых прэзідэнцкіх выбараў ніхто з беларускіх геапалітычных «гульцоў» не будзе каламуціць ваду рукамі Зюганавыа і іншых асоб, прыкормленых грашыма беларускіх падаткаплацельшчыкаў.

Непрыемна, але што рабіць - сёння стойка на каленях і не толькі ўжо не мае той былой магічнай сілы. Можна распавядаць Мядзведзеву аб сваіх турпаездках па арабскіх краінах, аб сяброўстве з Уга Чавесам, падтрымліваць Маскву ў ейных спробах завабіць Украіну ў МС і многіх іншых пытаннях, але ўсё гэта ніякім чынам не надае дадатковага шарму і ніяк не адбіваецца на напаўненні працягнутай прыгаршчы.

Такім чынам, на траціну сочынскую місію можна лічыць выкананай. Паводле правілаў расейскай палітычнай «тандэмнай» інтрыгі (хто пойдзе на выбары - Пуцін ці Мядзведзеў), засталося прывабіць у засаду прэм'ера РФ У. Пуціна, што не проста, і, аднавіўшы за пакінуты час маральныя і фізічныя сілы, што яшчэ больш складана, вярнуцца на радзіму да пачатку навучальнага года.

Напісаць каментар 127

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках