27 лiстапада 2024, Серада, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штраф праз 58 дзён

13
Штраф праз 58 дзён

Праз 58 дзён пасля акцыі маўклівага пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» аштрафаваны былы пажарны Жлобінскага аддзела МНС Раман Чуяшкоў.

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Дамненка аштрафавала Чуяшкова па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэксу - нібыта за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Усяго - на 770 тысяч рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».

«Я думаў, што мяне толькі звольнілі з працы, і гэта ўжо ўсё. А тут яшчэ і аштрафавалі. У суд прыйшоў супрацоўнік міліцыі і завучанымі словамі пацвердзіў ілжывую інфармацыю, што была ў пратаколе», - сказаў былы выратавальнік.

Раман Чуяшкоў - першы ў Гомелі малады чалавек, які з-за народнай акцыі «маўклівага» пратэсту страціў працу.

15 чэрвеня, калі ў Гомелі на плошчы Леніна адбылася «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», Раман быў вольны ад службы. Ён гуляў з дзяўчынай у цэнтры горада.

Спецназаўцы пачалі выцясняць людзей з плошчы і груба штурханулі ў спіну дзяўчыну Рамана. Ён заступіўся, зрабіў заўвагу, і тыя затрымалі 23-гадовага хлопца, дарэчы, майстра спорту па дзюдо.

У Цэнтральным аддзеле міліцыі Рамана, як і іншых затрыманых, абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і супраціве міліцыі. Але паколькі Чуяшкоў сам чыноўнік, следчыя паведамілі пра затрыманага ў абласное кіраванне надзвычайных сітуацый.

Кіраўніцтва ўпраўлення забрала яго да сабе і паставіла ўмову: звальняйся ці звольнім. Са Жлобіна былі выкліканыя непасрэдныя начальнікі Чуяшкова. Яны адразу прывезлі неабходныя дакументы і працоўную кніжку Рамана, і да 23 гадзіны ён стаў беспрацоўным.

Прысуджаны 12 жніўня да адміністрацыйнага штрафу Раман Чуяшкоў збіраецца аспрэчыць рашэнне ў абласным судзе.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках