27 лiстапада 2024, Серада, 16:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскую грамадзянку абурыла беларускае «правасуддзе»

48

Грамадзянка Расеі Марына Дукмасава мае намер абскардзіць у Менскім гарадскім судзе пастанову аштрафаваць яе нібыта за нецэнзурную лаянку.

Як паведамляе сайт праваабарончага цэнтра «Вясна», 6 ліпеня жанчына з непаўнагадовым сынам была затрыманая і дастаўленая ў Маскоўскае РАУС Менска. Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі яе ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы. 7 ліпеня ў выніку разгляду адміністрацыйнай справы судом Партызанскага раёна Менска Дукмасава была аштрафаваная на 10 базавых велічыняў за «дробнае хуліганства».

У адпаведнасці з пастановай суду Дукмасава была прызнаная вінаватай у здзяйсненні дробнага хуліганства - нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы, ля дома № 104 па праспекце Дзяржынскага. Па гэтым адрасе размешчаны Гандлёвы цэнтр «Тытан», каля якога 6 ліпеня праходзіла акцыя маўклівага пратэсту.

З вынесенай судовай пастановай Дукмасава не згодная і лічыць яе незаконнай, а таму абскарджвае ў гарадскім судзе. У скарзе жанчына заяўляе, што інкрымінаваных ёй дзеянняў не здзяйсняла і віну не прызнала. У тлумачэнні суду расейская грамадзянка паказала, што 6 ліпеня каля 20.00 разам са сваім непаўнагадовым сынам Рыгорам Перэльманам знаходзілася ля крамы «Сандрык», дзе была «беспадстаўна затрыманая супрацоўнікамі міліцыі». Далей яна адзначае, што «ў аснову вынесенай судом пастановы былі пакладзеныя пісьмовыя паказанні супрацоўніка міліцыі Чарняўскага В.А., які сведчыць, што затрыманая нецэнзурна лаялася. Аднак у пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні сведка Чарняўскі не значыцца».

Дукмасава лічыць, што суд Партызанскага раёна Менска не распачаў неабходных мер для поўнага і аб'ектыўнага разгляду дадзенай справы. У прыватнасці, не запатрабавалі з ГУУС Менгарвыканкама відэаматэрыялаў аператыўнай здымкі. Суд таксама не выклікаў у судовае пасяджэнне сведкі Чарняўскага і сына Дукмасавай.

Як паведамілі БелаПАН у амбасадзе Расеі ў Менску, раніцай 18 ліпеня Дукмасава абмеркавала сітуацыю з расейскім консулам. Яны дамовіліся, што амбасада таксама звернецца да беларускага боку ў адпаведнасці з усталяванымі працэдурамі за тлумачэннямі прычынаў затрымання Дукмасавай і высвятлення ўсіх дэталяў гэтай справы.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках