27 лiстапада 2024, Серада, 21:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дачка за бацьку не адказвае?

23
Дачка за бацьку не адказвае?

Так, але толькі не ў лукашэнкаўскай Беларусі. З дачкой кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва Кацярынай не працягнуты працоўны кантракт.

Яна настаўніца музыкі. Падчас прэзідэнцкай кампаніі Кацярына Кастусёва была актывісткай у камандзе свайго бацькі. Збірала подпісы ў ягоную падтрымку. Рыгор Кастусёў заяўляе, што дачку звольнілі з-за яго палітычнай дзейнасці.

Кацярына Кастусёва скончыла сярэднюю школу з залатым медалём, а музычную вучэльню і акадэмію музыкі - з высокімі баламі. Працаваць па спецыяльнасці «Харавое дырыжыраванне» пачала на трэцім курсе акадэміі. Яна сябра Партыі БНФ. У дзіцячай школе мастацтваў № 6 Магілёва адпрацавала два гады, паведамляе Радыё «Свабода».

«Мне цяжка сказаць, ці ёсць у маёй справе палітычныя матывы. Адкрыта пра гэта ніхто не кажа. Ніякіх парушэнняў і вымоваў у мяне не было, аднак у мяне ўвесь час было адчуванне, што рабілася ўсё, каб даказаць маю прафесійную непрыдатнасць. Мяне ніхто не папярэджваў, што са мной не падоўжаць кантракт. Мне проста далі падпісаць паперу - паставілі перад фактам», - каментуе сітуацыю са звальненнем Кацярына Кастусёва.

Адміністрацыя школы мастацтваў адмаўляе, што звальненне дачкі кандыдата на прэзідэнцтва было матываванае палітычна. «Выключна толькі з прафесійнага боку. Вы што? Прыходзілі прафесіяналы з каледжа музыкі. Наведвалі яе кантрольныя заняткі. З ёй шмат разоў размаўлялі, і была складзеная даведка, што ў дадзенай установе трэба рабіць змену кіраўніка, паколькі наш хор на вельмі нізкім узроўні», - заяўляе прадстаўнік адміністрацыі школы.

Рыгор Кастусёў сцвярджае, што з-за ягонай палітычнай дзейнасці ўлада карае яго дзяцей. Самога палітыка ў 2001 годзе прымусілі звольніцца з пасады кіраўніка Шклоўскага камунальнага ўпраўлення:

«Пасля парламенцкіх выбараў была звольненая са школы мая старэйшая дачка. Тры гады яна адпрацавала і раптам стала не па душы. Праблемы з навучаннем былі ў сына. Ён цяпер у Гданьску. І там праблем з вучобай у яго няма, і ніколі не было. Цяпер такая ж праблема ўзнікла пасля прэзідэнцкіх выбараў у Кацярыны. Адназначна тут матывацыя з боку ўлады толькі палітычная».

Рыгору Кастусёву забаронены выезд за межы Беларусі. Ён знаходзіцца ў якасці абвінавачанага з 20 снежня 2010 г. згодна з крымінальным артыкулам за арганізацыю беспарадкаў і ўдзел у іх:

«Я не магу нават выехаць на месца сваёй працы. Фірма, дзе я працую, зарэгістраваная ў Санкт-Пецярбургу. Я сяджу без магчымасці працаваць. Зараз вось сям'ю маю калупаюць, каб давесці яе да жабрацкага стану. Мы знаходзім магчымасці зарабляць, неяк выжываем, з працягнутай рукой не ходзім, але прыемнага тут мала».

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках