Беларусі ўскладнілі бензінавы экспарт
16- 30.04.2011, 11:06
Сур'ёзна пацярпець ад падвышэння ў Расеі стаўкі экспартнай пошліны на бензін можа Беларусь.
Нагадаем, у адпаведнасці з дзеючымі міжурадавымі пагадненнямі, Беларусь як удзельніца Мытнага саюза атрымлівае расейскую нафту бяспошлінна. Пры гэтым з выпрацаваных з расейскай нафты нафтапрадуктаў, якія экспартуюцца за межы Мытнага Саюза, Беларусь плаціць расейскую экспартную пошліну ў расейскі бюджэт.
У адпаведнасці з балансам на 2011 год, Расея павінная паставіць у нашу краіну 21,68 млн тон нафты. Каля траціны гэтага аб'ёму пойдзе на ўласнае спажыванне, астатняе будзе перапрацаванае і адпраўленае на экспарт.
Павелічэнне расейскай экспартнай пошліны паставіць крыж на экспарце некалькіх мільёнаў тон беларускага бензіну. Крыніцы «Коммерсанта» ва ўрадзе РФ паведамілі, што пры абмеркаванні павышэння пошлін пытанне аб Беларусі ўзгадвалася, але не было да канца пралічанае.
Паводле ацэнкі экспертаў, хутчэй за ўсё, Беларусь, каб не плаціць высокую пошліну, пераключыцца на экспарт нафт (прамагоннага бензіну) ва Украіну, дзе з яе будзе выпрацоўвацца таварны бензін, напрыклад на Лісічанскім НПЗ.
«Чаму б Беларусі не паставіць гэтыя аб'ёмы бензіну ў Расею?» - пытаннем на пытанне адказала «Коммерсанту» крыніца ў апараце Ігара Сечына. Атрымаць каментары ад прадстаўнікоў Беларусі ўчора не атрымалася.