27 лiстапада 2024, Серада, 14:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Конкурс «Прэс-фота Беларусі»

1

10 лютага стартуе другі рэспубліканскі конкурс прафесійных фотакарэспандэнтаў «Прэс-фота Беларусі».

Сябрамі журы будуць вызначаныя лепшыя фатаграфіі ў наступных намінацыях: “Навіны”, “Людзі ў навінах”, “Спорт”, “Паўсядзённае жыццё”, “Партрэт”, “Мастацтва і забавы”, “Прырода”, “Народныя традыцыі”.

У першым конкурсе “Прэс-фота Беларусі”, які адбыўся ў мінулым годзе, узялі ўдзел 94 фатографы са сталіцы і розных рэгіёнаў Беларусі, 35 з іх увайшлі ў шорт-ліст. Лаўрэатамі першага конкурсу «Прэс-фота Беларусі» сталі такія вядомыя ў краіне і за яе межамі фотажурналісты як Віктар Драчоў, Васіль Фядосенка, Андрэй Лянкевіч, Сяргей Грыц, Юлія Дарашкевіч і іншыя.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання прызёраў, якая адбылася ў рамках мінскага «Фотофорума-2010», у Беларусі і суседніх краінах адбыліся выставы работ пераможцаў і прызёраў. Творы лепшых беларускіх фотажурналістаў змаглі ўбачыць жыхары Кракава, Масквы, Вільнюса, Кіева, Львова, Гродна, Брэста і беларускай сталіцы.

Мэтай конкурсу «Прэс-фота Беларусі» з'яўляецца падтрымка і развіццё прафесійнай прэс-фатаграфіі ў нашай краіне. Конкурс таксама закліканы стымуляваць развіццё фотажурналістыкі, падтрымаць абмен вопытам і ведамі паміж рознымі пакаленнямі беларускіх фатографаў, сфармуляваць высокія прафесійныя стандарты ў фотажурналістыцы і садзейнічаць свабоднаму і неабмежаванаму абмену прафесійнай інфармацыяй.

У склад журы конкурсу «Прэс-фота Беларусі» ўвайшлі прызнаныя прафесіяналы з замежных агенцтваў і выданняў.

Арганізатары «Прэс-фота Беларусі» разлічваюць, што дзякуючы конкурсу ў прафесійных прэс-фатографаў Беларусі з'явіцца пляцоўка для рэгулярнага падвядзення вынікаў працы, вызначэння дасягненняў і аб'ектыўнай ацэнкі агульнага ўзроўню беларускай прэс-фатаграфіі. Гэта таксама дасць магчымасць сённяшнім і будучым прафесіяналам адсочваць тэндэнцыі развіцця жанру і ўплываць на яго якасны ўзровень.

Плануецца, што, як і летась, па выніках конкурсу ў Беларусі і за мяжой адбудуцца выставы найлепшых твораў.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца з 10 лютага па 10 сакавіка 2011 года.

Да ўдзелу дапускаюцца здымкі, зробленыя на працягу 2010 года. Абавязковай умовай удзелу таксама з’яўляецца супрацоўніцтва са СМІ.

Больш падрабязную інфармацыю пра ўмовы ўдзелу вы знойдзеце на афіцыйным сайце конкурсу www.pressphoto.by.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках