4 лiстапада 2024, панядзелак, 21:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да нафтавай «вайны» падключылі прафсаюзы Козіка

45

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі звяртаецца да расейскіх прафсаюзаў з заклікам дапамагчы адмяніць вывазныя мытныя пошліны на пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь.

«Мы заклікаем працаўнікоў Расейскай Федэрацыі падтрымаць пазіцыю ФПБ і звяртаемся да нашых калегаў з Федэрацыі Незалежных Прафсаюзаў Расеі, Усеагульнай канфедэрацыі прафсаюзаў з прапановай ініцыяваць перад вышэйшымі органамі ўлады дзяржавы пытанне аб адмене вывазных мытных пошлінаў у дачыненні да нафтапрадуктаў, якія пастаўляюцца з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі ў Беларусь, і ажыццяўленні міждзяржаўнага гандлю без пошлінаў», - кажацца ў звароце федэрацыі, размешчаным на сайце Мінюста рэспублікі, перадае «Інтэрфакс».

«Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, яе сяброўскія арганізацыі выказваюць упэўненасць, што зняццё штучна створанай праблемы будзе адпавядаць інтарэсам захавання стабільнасці, забеспячэння эканамічнай і сацыяльнай бяспекі нашых краінаў», - падкрэсліваецца ў дакуменце.

ФПБ звяртае ўвагу на тое, што «гэтае рашэнне цягне істотныя эканамічныя страты для прадпрыемстваў нашай краіны».

«Пагаршэнне канкурэнтаздольнасці іх прадукцыі на сусветным рынку можа стаць прычынай абвастрэння эканамічных і сацыяльных праблемаў прадпрыемстваў, страты працоўных месцаў, росту беспрацоўя ў шэрагу галінаў краіны, у якіх занятыя дзясяткі тысячаў працоўных.

Дзеянні расейскага боку разбураюць таксама і кааперацыйныя сувязі паміж прадпрыемствамі Беларусі і Расеі», - кажацца ў яе звароце.

«Рашэнне аб спагнанні Расеяй пошліны на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь, можа негатыўна паўплываць на ўспрыняццё палітыкі і дзеянняў Расейскай Федэрацыі насельніцтвам рэспублікі», - адзначаецца там.

У ФПБ лічаць, што ў пытанні спагнання пошлінаў на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца, «расейскім бокам парушаны цэлы шэраг міжнародных дамоваў, накіраваных на забеспячэнне сацыяльнага і эканамічнага развіцця дзвюх дзяржаваў з дапамогай стварэння рэжыму свабоднага гандлю, не выконваецца міжнароднае права».

Як паведамлялася, 7 верасня Эканамічны Суд СНД разгледзіць па сутнасці беларуска-расейскую спрэчку, якая датычыць спагнання Расейскай Федэрацыяй вывазных мытных пошлінаў на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь.

Беларускі бок у судовым парадку абвяргае ўведзеныя Расеяй з 1 студзеня 2010 года экспартныя пошліны на нафтапрадукты і нафтахімічную сыравіну, якія пастаўляюцца ў Беларусь. 25 сакавіка бягучага года ўрад Беларусі, у асобе міністэрства юстыцыі, звярнуўся ў Эканамічны Суд СНД, які часова выконвае функцыі Суда ЕурАзЭС, з пазоўнай заявай аб парушэнні Расейскай Федэрацыяй міжнародных дамоваў, якія прадугледжваюць бяспошлінны гандаль паміж краінамі. Калегія Эканамічнага суда 21 красавіка прыняла ў вытворчасць пазоўную заяву ўрада Беларусі да ўрада Расеі.

У сваім пазове Мінюст Беларусі спасылаецца на міжурадавае пагадненне аб свабодным гандлі ад 13 лістапада 1992 года і пратакол аб ўвядзенні рэжыму свабоднага гандлю паміж Беларуссю і Расеяй ад 6 студзеня 1995 года, якім усталявана, што бакі не ўжываюць пошліны ва ўзаемным гандлі.

Беларускі бок мяркуе, што адзіным выключэннем з рэжыму бяспошліннага гандлю з'яўляецца сырая нафта, частка якой абкладаецца экспартнай пошлінай у адпаведнасці з беларуска-расейскім міжурадавым пратаколам ад 27 студзеня 2010 года. Гэтым дакументам вызначаныя ўмовы пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь у 2010 годзе. Узаемны гандаль усімі астатнімі таварамі павінен ажыццяўляцца бяспошлінна, падкрэслівае Мінюст Беларусі.

З 1 студзеня 2010 года, на падставе тэлетайпаграмы першага намесніка кіраўніка ФМС Расеі, прадукты перапрацоўкі нафты, у тым ліку нафтахімічная сыравіна, якія пастаўляюцца з Расейскай Федэрацыі ў Беларусь, абкладаюцца вывазной мытнай пошлінай.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках